Понедельник, 2 декабря 2024

Уроженка Ружан Юлия Гугельчук создает уникальные вещи и даже вышивала платье для участницы конкурса «Miss International»

6 982

Калі гаворка ідзе пра вышыўку, большасць уяўляе перад сабой рукатворныя ручнікі ды навалочкі (у лепшым выпадку — карціны), якія яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму стварала кожная ўвішная гаспадыня. Са з’яўленнем разнастайных матэрыялаў для дэкаратыўнай творчасці ў такога віду рукадзелля, як вышыўка, з’явілася многа перспектыў. Маладая вышывальшчыца Юлія Гугельчук, ураджэнка Ружан, ведае, як стварыць непаўторную прыгажосць з дапамогай шклярусу, бісеру, карункаў і іншых матэрыялаў.
— Мама сцвярджае, што непадробны інтарэс да рукадзелля быў у мяне з дзяцінства, — усміхаецца дзяўчына. — Я парвала ёй не адны пацеркі, распарола не адну рэч з вышыўкай, а парчовую кофтачку раскроіла на сумачку.
Праўда, пакуль талент сфарміраваўся, прайшло нямала часу. Пасля заканчэння школы Юлія вырашыла стаць цырульнікам ды, магчыма, так і рабіла б прычоскі, калі б у адзін цудоўны дзень, знаходзячыся ў адпачынку па доглядзе за дзіцём, не вырашыла штосьці памяняць у жыцці. Усё пачалося з вышывання жаночых сумачак. Праўда, першапачаткова Юлія нават саромелася сваіх работ: проста сціпла дарыла іх родным і сяброўкам.
— Шчыра кажучы, не ўсім нават прызнавалася, што гэта маіх рук справа, — расказвае майстрыха. — Нават працадаўца, аднойчы ўбачыўшы ў мяне сумачку ручной работы, не адразу даведалася, хто на самай справе аўтар.
Сёння Юліна вышыўка ўпрыгожвае сукенкі студыі вясельнай і вячэрняй моды «Le Rina» (да слова, яе прадстаўніцтвы працуюць у Германіі і Літве) і сталічных фотастудый. Фінальны штрых вышывальшчыца надавала і ўборам мадэляў Нацыянальнай школы прыгажосці, у тым ліку ўдзельніцы конкурсу «Міс Беларусь», якая прадстаўляла краіну на конкурсе «Miss International».
А нядаўна сын з мужам выдзелілі ў двухпакаёвай кватэры сваёй любімай рамесніцы куточак для майстэрні: пару гадоў таму Юля Гугельчук узялася яшчэ і за выраб жаночых аксесуараў. Біжутэрыя ручной работы гэтай майстрыхі настолькі палюбілася модніцам, што цяпер Юля не паспявае выканаць адзін заказ, як ужо атрымлівае наступны.
— Многія з тых, хто ўжо меў са мной справу, вяртаюцца, каб заказаць арыгінальны падарунак для сваіх сяброў і знаёмых. Прызнаюся, вельмі прыемна, што мае работы разлятаюцца не толькі па бліжнім замежжы, але і трапляюць на іншы канец свету: у Амерыку, на Коста-Рыку…
Апошнім часам як рамесніца Юля пачала прадстаўляць свае работы на кірмашах у Брэсце, сочыць яна за моднымі тэндэнцыямі, наведваючы выставы і ў сталіцы. Дарэчы, спыняцца на дасягнутым Юля не збіраецца: плануе асвоіць люневільскую вышыўку — старадаўняе французскае мастацтва, якое ўжо дзясяткі гадоў не губляе папулярнасці.
— Для мяне немалаважна, што мае работы любяць, цэняць і, вядома ж, носяць. Гэта надае яшчэ большае натхненне, каб ствараць штосьці новае.
Марына Вакульская, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *