У Кляпацкай сярэдняй школе 5 лютага адбыўся ўрок мужнасці, які правёў камандзір 557-ай інжынернай брыгады г. Гродна палкоўнік Алег Івашка.
Гэтае мерапрыемства прайшло ў рамках акцыі «Мая школа», якая праводзіцца па рэспубліцы пад эгідай і агульным кіраўніцтвам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Так супала, што напачатку лютага праводзяцца і сустрэчы выпускнікоў, а Алег Яўгенавіч якраз і скончыў Кляпацкую школу 30 гадоў таму.
На ўроку дзецям расказалі аб важнасці ваенна-патрыятычнага выхавання, відах ваеннай службы ў Рэспубліцы Беларусь, вучэннях «Саюзная рашучасць 2022». Падрабязней Алег Яўгенавіч спыніўся на рабоце інжынерных войскаў, а таксама патлумачыў школьнікам правілы бяспекі пры выяўленні ў лесе або полі боепрыпасаў часоў вайны. Для замацавання інфармацыі ўдзельнікам раздалі тэматычныя каляндарыкі, брашуры і іншую наглядна-выяўленчую прадукцыю.
Пасля лекцыі ўсе, хто хацеў, змаглі наведаць выставу мадэляў баявой тэхнікі і абмундзіравання інжынерных войскаў, якая разгарнулася ў Доме культуры. Прычым экспанаты можна было не толькі разглядаць, але дазвалялася іх вывучаць, прымяраць на сабе ваенную форму.
Завяршальным акордам сустрэчы стаў канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля «Формула» 557-ай інжынернай брыгады.
Вольга Вадзяновіч. Фота Андрэя Мартынюка