2 красавіка ва ўсіх школах нашага раёна прайшоў урок, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Мы пабывалі ў гімназіі г. Пружаны і паглядзелі, як тут яго арганізавалі.
Галоўная мэта мерапрыемства была накіравана на выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, духоўна-маральных якасцей вучняў на аснове разумення імі гістарычнага і культурнага адзінства народаў Беларусі і Расіі, паглыбленне ведаў аб супрацоўніцтве дзвюх краін на сучасным этапе.

У 4 «Б» класе ўрок пачаўся з захапляльнага танца пад музычнае суправаджэнне, прысвечанае тэме сяброўства. Далей настаўніца Вольга Алішэвіч расказала пра паняцце сяброўства, аб важнасці цесных сувязей паміж народамі. Дзеці, няхай пакуль і толькі пачынаючыя адкрываць для сябе глыбіню гэтых адносін, з захапленнем слухалі і адказвалі на пытанні аб узаемадзеянні Беларусі і Расіі.
Не менш займальным аказаўся ўрок у 9 «А» класе. Тут ужо самі навучэнцы актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні, дзяліліся сваімі разважаннямі і адказвалі на пытанні аб Саюзнай дзяржаве, каштоўнасцях, якія аб’ядноўваюць Беларусь і Расію, а таксама аб ключавых напрамках супрацоўніцтва дзвюх краін. Адукацыйную праграму да ўрока падрыхтавала педагог Наталля Більдзейка. Дзякуючы гэтаму занятак ператварыўся ў жывую дыскусію, якая дазволіла кожнаму выказаць свой пункт гледжання.

У цэлым мерапрыемства стала важным крокам для паглыблення ведаў навучэнцаў аб значнасці Саюза паміж Беларуссю і Расіяй. Дыялог, абмен думкамі і новыя адкрыцці дапамаглі дзецям лепш зразумець гістарычную і культурную блізкасць нашых дзяржаў.
Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі:
Герман Грэцкі (9 «А»):
— Упэўнены, што такія ўрокі адыгрываюць важную ролю, бо яны дэманструюць адзінства нашых народаў і нагадваюць, як многа агульнага паміж Беларуссю і Расіяй. Гэтыя заняткі дапамагаюць зразумець аб важнасці нашай сувязі, і пераконваюць у неабходнасці яе захавання.
Лілія Момлік (9 «А»):
— Мы глыбей усведамляем значэнне Саюза з дружалюбнай краінай. Праслухаўшы матэрыялы, падрыхтаваныя настаўнікам, я яшчэ раз упэўнілася ў цесных узаемаадносінах нашых дзяржаў. Таксама лічу, што важна падтрымліваць сяброўскія сувязі і з іншымі краінамі
свету.
Ева Францэвіч (4 «Б»):
— Гэты ўрок быў неверагодна цікавым! Сёння я даведалася шмат новага. Беларусь і Расію аб’ядноўвае сяброўства, і я зразумела, што нашы народы заўсёды прыходзяць адзін аднаму на дапамогу.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік