Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня падпісаў указ нумар 240 «Аб міжнародным аўтастрахаванні», паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент накіраваны на ўрэгуляванне адносін па страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў пры выездзе за мяжу ва ўмовах выхаду Беларусі з міжнароднай сістэмы страхавання «Зялёная картка».
Указам прадугледжваецца адмена для беларускіх аўтаўладальнікаў (вадзіцеляў) абавязку прад’яўлення страхавога сертыфіката, які засведчвае заключэнне дагавора страхавання «Зялёная картка», пры выездзе з тэрыторыі Беларусі.
Беларускаму бюро па транспартным страхаванні прадастаўлены паўнамоцтвы на ўдзел ад імя Беларусі ў міжнародных сістэмах страхавання (іншых, чым «Зялёная картка»), а таксама на заключэнне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.