З 7 верасня па 8 кастрычніка ў Мінску прайшла адна з самых чаканых арт-падзей года — «Восеньскі салон». З 2015 года гэты праект Белгазпрамбанка нязменна радуе аматараў мастацтва і дае магчымасць маладым мастакам Беларусі данесці сваю творчасць да шырокай публікі.
Сярод 220-ці ўдзельнікаў гэтай выставы-продажу была і прадстаўніца Пружанскага раёна Лаліта Шыш.
Лаліта нарадзілася і вырасла ў гарадскім пасёлку Шарашэва. З малых гадоў ёй вельмі падабалася маляваць, таму ў другім класе паступіла ў пасялковую школу мастацтваў.
Цяпер дзяўчыне 25 гадоў, і яна прыняла ўдзел у адной з самых галоўных выстаў для маладых мастакоў, якія праходзяць на тэрыторыі нашай краіны. Прафесійнае журы адабрала найлепшыя работы з амаль 1000 заявак, прадстаўленых на ўдзел у праекце. Сярод іх былі і тры работы Лаліты.
Мастачка адзначала, што важным фактарам яе поспеху з’яўляецца маці, якая заўсёды верыла ў сваю дачку і падтрымлівала на працягу ўсяго шляху. І на выставе яна была побач.
— Самае цікавае тое, што дачка скончыла школу мастацтваў таксама і па класе фартэпіяна, але далейшыя крокі ў жыцці працягнула рабіць менавіта як мастачка. Вырашыла, што гэта — яе прызванне. Лаліта з дзяцінства вельмі любіць хатніх жывёл. Адным з яе гадаванцаў быў пацук. Сімпатыя да яго знайшла сваё адлюстраванне ў адной з карцін. Яна так і называецца — «Аўтапартрэт з пацукамі». Гэтая карціна была адной з прадстаўленых на выставе, расказвае Таццяна Антонаўна.
Мастацтва для Лаліты — не проста хобі, якім займаецца ў вольны час: пасля заканчэння школы мастацтваў і Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава, шарашэўская дзяўчына паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе зараз вучыцца на апошнім, шостым, курсе.
— У тым, што мая сувязь з мастацтвам працягнецца і пасля заканчэння акадэміі, я нават не сумняваюся. У іншым накірунку сябе і не бачу. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі хацелася б папрацаваць мастаком-выкладчыкам, а паралельна развіваць сябе як мастачку, — кажа Лаліта.
Першы вопыт удзелу ў такой грандыёзнай выставе прынёс свой плён. З аднаго боку, гэта яркія ўражанні, з другога — карысны вопыт. А яшчэ парадавала, што адна з карцін маладой мастачкі — «Вяселле» — знайшла свайго пакупніка. Гэта немалаважна і пацвярджае цікавасць гледачоў да яе творчасці.
— Невыказна рада. «Восеньскі салон» стаў для мяне вельмі важнай падзеяй. Першы раз я прымала ўдзел у выставах на такім высокім узроўні, разам са сваімі выкладчыкамі, — адзначыла Лаліта.
Руслан Басак
Фота з асабістага архіва Лаліты Шыш