Воскресенье, 24 сентября 2023

Ураджэнец Пружаншчыны Андрэй Літвіновіч — з бронзавай узнагародай ІІ Гульняў краін СНД!

277

Нашы землякі працягваюць заяўляць пра сябе на самым высокім, міжнародным узроўні. Мы ўжо расказвалі пра золата і серабро Анатоля Хоміча на ІІ Гульнях краін СНД. Між тым, яшчэ адзін ураджэнец Пружаншчыны заваяваў бронзавую ўзнагароду.

Завуць яго Андрэй Літвіновіч (на здымку пад нумарам 36). У аўторак ён разам з яшчэ 11 спартсменамі выйшаў на бегавую дарожку Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама». Наш зямляк прымаў удзел у фінальным забегу на 600 метраў.

Паглядзеўшы прамую трансляцыю, магу сказаць адно: хлопцы, здавалася, ішлі плячом да пляча. Але Андрэй здолеў сабраць усе свае сілы і волю ў кулак і перасёк фінішную лінію трэцім. Дыстанцыю спартсмен пераадолеў за 1 мінуту 26,16 секунды. Апярэдзілі яго прадстаўнікі Расіі і Казахстана.

Вось што сказаў Андрэй пасля забегу: «Мне вельмі ўсё спадабалася. Вынікам задаволены, удалося заняць прызавое месца. Планаваў выступіць яшчэ лепш. Вельмі моцныя сапернікі з Расіі і Казахстана».
Свае першыя крокі ў спорт Андрэй, як і Анатоль, рабіў у пружанскай СДЮШАР.

Тут трэніраваўся 5 гадоў пад кіраўніцтвам Сяргея Чайкоўскага. Спартыўныя поспехі і мэтанакіраванасць дазволілі Андрэю з мінулага навучальнага года стаць навучэнцам Брэсцкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Зараз атлет трэніруецца пад кіраўніцтвам Аляксея Ясковіча, але сувязі з першым трэнерам не губляе.

— Канечне, сачыў за выступленнямі Андрэя. А ці магло быць інакш? — дзеліцца Сяргей Чайкоўскі. — Спачатку на Гульнях хлопец удзельнічаў у забегу на 300 метраў, кваліфікаваўся ў фінал, але ж там заняў такое крыўднае чацвёртае месца. Сумаваць не было калі, Андрэй змог паказаць сябе. У выніку ў фінале на шасцісотцы выканаў першы спартыўны разрад, што для юнака, які ідзе ў 9 клас, вельмі здорава. І прыемна для мяне як для трэнера. Ганаруся Андрэем і ўпэўнены, што ганарацца ім і пружанцы.

Цікава, што да пераводу ў вучылішча Анатоль і Аляксей вучыліся ў адным класе Шаняўской СШ, дзе таксама вельмі цёпла сустрэлі навіны пра перамогі спартсменаў.

— Гэта выдатна, што ў свой час нам удалося заўважыць у вясковай Шаняўской школе такія таленты. Упэўнены, што на гэтым хлопцы не спыняцца. І хачу звярнуцца да дзяцей раёна: калі сябруеце са спортам і хочаце развівацца ў гэтым накірунку, прыходзьце ў нашу школу. Бацькам жа раю надаваць асаблівую ўвагу фізічнаму выхаванню дзетак, — сказаў Сяргей Чайкоўскі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота з адкрытых крыніц