Сяргея Васілюка ведаюць многія. І ў Кобрыне, дзе мужчына жыве і працуе, лічы, чатыры дзясяткі гадоў, і ў Пружанах, дзе вучыўся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Але менавіта з Шарашэвам, дзе прайшлі яго дзяцінства і летуценныя школьныя гады, звязаны ўспаміны, што цяплом і пяшчотай ахінаюць душу. Роднаму мястэчку прысвяціў Сяргей песню “Дзяцінства хуткакрылае”, і не проста прысвяціў, але разам з сябрамі зрабіў кліп пра бестурботныя дні дзяцінства. Няма сумненняў, што здымкі праходзілі ў Шарашэве.
Сяргей – не прафесійны спявак, але настаў час, калі просты ўдзел у самадзейным хоры перарос для работніка камунальнай гаспадаркі ў сапраўднае захапленне творчасцю, у лад жыцця. І без яго ўжо – ніяк. Шматлікія мерапрыемствы ў суседнім з намі райцэнтры не абыходзяцца без удзелу мясцовага “песняра”. Нярэдкі госць ён на малой радзіме, выступаў тут і падчас апошняга свята пасёлка.
Але здаецца, што творчасць Сяргея Васілюка набірае новыя абароты: нядаўна ён атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у праграме Андрэя Малахава “Привет, Андрей!”. Спявак прызнаецца, што калі патэлефанавалі з такой прапановай са студыі, не паверыў вушам сваім. І, зразумела, згадзіўся, паляцеў у Маскву. Здымкі перадачы з яго ўдзелам адбыліся на мінулым тыдні, а ўжо ў суботу, 26 лістапада, яна павінна выйсці ў эфір на тэлеканале РТР. Што ён спяваў, Сяргей не прызнаецца: маўляў, паслухаеце самі. Але адзіную таямніцу раскрыў: перадача будзе прысвечана Дню маці, які ў Расіі адзначаюць у апошнюю нядзелю лістапада. Яе дэвіз – “Песні для нашых матуль”.
Такім чынам, месца сустрэчы з Сяргеем Васілюком – тэлеканал “РТР-Беларусь”, вячэрняе шоу “Привет, Андрей!”. Бліжэйшы выпуск гэтай перадачы адбудзецца 26 лістапада ў 20.55 гадзін.
Ірына Сядова. Фота з асабістага архіву Сяргея Васілюка