«Падсаладзіць» жыццё можна рознымі спосабамі. Напрыклад, для многіх жанчын няма большага задавальнення, чым пакупка абновак, для дзіцяці — новая цацка, для мужчыны — корпанне з машынай у гаражы. А вось агульнай «саладосцю на кожны дзень» можна назваць цукар. Хто не любіць паласавацца торцікам, не паставіць на стол цукеркаў ды варэння да чаю? Успомніце, які «бум» выклікала летам знікненне цукру з прылаўкаў магазінаў усяго на некалькі гадзін. Каб гэты прадукт не пераводзіўся на сталах, чатыры гаспадаркі нашага раёна займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў, у іх ліку і ААТ «Мурава».

На дадзены момант ва ўсіх чатырох сельгаставарыствах ідзе ўборка салодкіх караняплодаў. Ураджайнасць па раёне на панядзелак бягучага тыдня складала 532 ц/га. Увесь сабраны ўраджай адпраўляецца на Жабінкаўскі цукровы завод, які непасрэдна і займаецца вырабам салодкага прадукту. Па стане на 3 кастрычніка было ўжо адгружана 13977 тон.

У ААТ «Мурава» пад цукровыя буракі па вясне было адведзена 200 га: асноўны ўчастак размясціўся каля аг. Мурава, а 12 га — каля в. Ізбіцы. Уборка пачалася з беларуска-сербскага гібрыда «марына». Караняплоды гэтага сорту былі пасеяны на 20 га. Гэты гібрыд убіраецца ў першыя тэрміны з-за свайго ранняга паспявання. Хоць ён і мае невялікі патэнцыял па ўраджайнасці, але гэтую акалічнасць перакрывае павышанае ўтрыманне цукру — на сёння гэта 17,5%, пры сярэдняй норме 16%. Як адзначае галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Сцяпанаў, на цукрыстасць, як ні дзіўна, паўплывала сёлетняя засуха ў жніўні, якая перашкодзіла росту бацвіння, і, зразумела, своечасовая і эфектыўная праполка.

Пасля «марыны» на чарзе гібрыды «лімузін», «скарпіён», «франтэра». За дзень адгружаецца 400 тон цукровых буракоў, для гэтай работы ў сельгаставарыстве задзейнічаны пагрузчык KLEINE RL 200 SF.
Ураджайнасцю цукровых буракоў у ААТ «Мурава» задаволены — 573 ц/га. Так што, шаноўныя чытачы, хвалявацца не варта, цукру хопіць на ўсіх.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік