Понедельник, 21 апреля 2025

Ураджай — 2022: гаворым пра кукурузу. Быць царыцай палёў — пачэсна!

311

Кукуруза – вельмі каштоўная сельскагаспадарчая культура. Пры захаванні ўсіх агратэхнічных патрабаванняў яна можа фарміраваць высокую ўраджайнасць і з’яўляецца ўніверсальнай харчовай культурай шматбаковага выкарыстання.

Зерне кукурузы, багатае на пажыўныя рэчывы, выкарыстоўваецца для прыгатавання больш за 250 відаў харчовых вырабаў, а таксама з’яўляецца цудоўным кормам для ўсіх відаў жывёл і птушак. Таму і сельгаставарыствы нашага раёна таксама надаюць асаблівую ўвагу царыцы палёў. Але не была б яна царыца, каб не патрабавала да сябе павышанай увагі.

Па стане на 28 красавіка амаль усе гаспадаркі распачалі сяўбу кукурузы. І ў кожным таварыстве разумеюць, што для атрымання добрага ўраджаю першапачаткова патрэбна добра апрацаваць глебу, прызначаную пад гэтую культуру. Найбольш істотнымі патрабаваннямі пры такой падрыхтоўцы з’яўляецца эфектыўная барацьба з пустазеллем. Калі глеба свабодная ад яго, патрабаванні да якасці апрацоўкі не вельмі высокія. Таксама важнае значэнне маюць унясенне ўгнаенняў, баранаванне і культывацыя, суцэльная і перадпасяўная. Усё гэта разам дае магчымасць разлічваць на добрую аддачу.

На гэтую дату найбольшыя засеяныя плошчы ў філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» (457 га), ААТ «Жураўлінае» (358 га), «Ружаны-Агра» (240 га), «Агра-Калядзічы» (187 га). Але трэба ўлічваць і тое, што і агульныя плошчы пад «царыцу» ў гэтых гаспадарках, лічы, самыя вялікія па раёне. Калі разглядаць у працэнтным разрэзе да плана, то тут лідарамі з’яўляюцца ААТ «Роўбіцкае» (17,6 %), «Агра-Калядзічы» (15 %), філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» (13,8 %), «Мурава» (13,7 %).

І яшчэ раз звяртаем увагу на тое, што кукуруза – гэта культура шматгранная. Узяць хаця б тую яе частку, якую запланавана выкарыстаць на сілас. Тут важным элементам з’яўляецца ўтрыманне ў кукурузе вызначанай канцэнтрацыі сухіх рэчываў і клятчаткі для лепшага засваення жывёламі, нарошчванне максімальнай колькасці вегетатыўнай масы, супрацьстаянне шкоднікам. Усё гэта ў будучым стане незаменным кормам для жывёлы і будзе станоўча ўплываць на прывагі.

Што датычыцца кукурузы на зерне, то тут размова ідзе пра прыбытак сельгаставарыству. Вельмі важна для сяўбы такой кукурузы выкарыстоўваць адсартаванае, адкалібраванае і пратручанае насенне. На 28.04.2022 года чатыры гаспадаркі асвоілі плошчы кукурузы пад зерне: гэта ААТ «Жураўлінае» (270 га), «Шані-аграпрадукт» (100 га), «Радзіма» (50 га), «Велікасельскае Агра» (35 га). У астатніх усё яшчэ наперадзе.

Сяўба кукурузы працягваецца — і будзем спадзявацца, што ні надвор’е, ні тэхніка не падвядуць нашых аграрыяў.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка