У мінулую пятніцу ў Палацы культуры прайшло ўрачыстае святкаванне 65-гадовага юбілею ПМК-21. У вялікай зале сабраліся работнікі механізаванай калоны, ветэраны прадпрыемства, а таксама госці свята — калегі з будаўнічых арганізацый раёна і вобласці, прадстаўнікі іншых устаноў, якія прыйшлі падзякаваць за пабудаваныя пружанскімі будаўнікамі аб’екты.

Святочную цырымонію адкрыў начальнік ПМК-21 Васілій Лук‘янчук. Ён зрабіў кароткі экскурс у гісторыю прадпрыемства, расказаў пра сучасныя магчымасці механізаванай калоны. Яго словы падтрымаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які зазначыў, што ПМК-21 уваходзіць у пяцёрку буйных падаткаплацельшчыкаў Пружанскага раёна. Да таго ж будаўнічая арганізацыя працяглы час захоўвае лідарства ў сваёй галіне.

— Я пазнаёміўся з ПМК-21 падчас кіраўніцтва ў ААТ «Жураўлінае», — паведаміў Міхаіл Міхайлавіч. — Потым, узначальваючы Кобрынскі раённы выканаўчы камітэт, адчуваў гонар за пружанскіх будаўнікоў, якія ўзвялі ў раёне нямала годных вытворчых аб’ектаў. А цяпер перакананы, што разам мы зможам рашыць нямала задач па росквіту Пружаншчыны.

З віншавальнымі зваротамі на сцэну выходзілі генеральны дырэктар «Брэстаблсельбуда» Уладзімір Вабішчэвіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, прадстаўнікі прафсаюзных і іншых арганізацый вобласці і раёна. Безумоўна, не абышлося і без падарункаў. Шэраг работнікаў прадпрыемства быў адзначаны Ганаровымі граматамі і Пісьмамі падзякі раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню. Муляр Уладзімір Мархель быў узнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы будаўнік». Нагрудны знак ад Саюза будаўнікоў Рэспублікі Беларусь атрымаў прараб Мікалай Крываблоцкі. Усім прысутным у зале ветэранам механізаванай калоны былі падрыхтаваны спецыяльныя падарункі, а тым, хто па стане здароўя не змог прысутнічаць на свяце, іх даставілі дадому.

А ў дадатак захапляльны канцэрт юбілярам падрыхтавалі пружанскія артысты.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_291444274 і https://ok.ru/budni/album/956187081608