«Закону і справядлівасці прысягаю». Такую клятву далі амаль 100 народных засядацеляў раённага суда на ўрачыстасці прынясення прысягі. Адзін раз у пяць гадоў праходзіць зацвярджэнне новага саставу грамадскіх прадстаўнікоў законнасці судовых працэсаў.
Згодна з заканадаўствам нашай краіны, народныя засядацелі прымаюць удзел у разглядзе асабліва складаных спраў, ім надаецца права і абавязак прысутнічаць на судовым працэсе і выказваць уласныя меркаванні, тым самым аказваючы ўплыў на ход пасяджэння і канчатковае рашэнне. Народныя засядацелі ўдзельнічаюць у судах не заўсёды, а толькі пры разглядзе цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, дзе мера пакарання вызначана ад 10 гадоў пазбаўлення волі, а таксама ва ўсіх крымінальных справах, якія былі ўзбуджаны ў дачыненні да непаўналетніх.
Два народныя засядацелі і суддзя ствараюць адзіны састаў суда, у якім прадстаўнікі грамадскасці маюць роўныя правы і паўнамоцтвы ў вырашэнні ўсіх пытанняў: знаёміцца з адпаведнымі матэрыяламі, задаваць удакладняючыя пытанні ўдзельнікам судовага працэсу і г.д. Падчас выканання сваіх абавязкаў яны, як і суддзі, валодаюць недатыкальнасцю і знаходзяцца пад дзяржаўнай абаронай. Таму нездарма старшыня раённага суда Вадзім Мазоль назваў новых народных засядацеляў калегамі.
Прыступіць да выканання паўнамоцтваў гэтыя прадстаўнікі грамадскасці могуць толькі пасля прынясення прысягі. І з нагоды гэтай урачыстасці прысутных павіншавалі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Кіраўніцтва раёна назвала гэту працу пачэснай і вельмі адказнай. А яшчэ — каштоўнай для нашага грамадства, дзе павінны панаваць закон і справядлівасць. Пацвярджэннем таму можна назваць далейшае ўзнагароджанне народных засядацеляў, якія шмат гадоў займаюць гэту пасаду. Падзяку абласнога суда атрымаў Аляксандр Блізнюк, а Ірына Гаравенка і Марына Уродніч — Падзячныя пісьмы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў адпаведна.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік