«Шчасця табе, зямля мая!» Пад такой назвай 16 верасня ў Палацы культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню народнага адзінства.
Гэтае свята зусім маладое, яму толькі другі год. Але нельга сумнявацца, што яно прыжывецца і стане такім жа значным для нас, як і Дзень Вялікай Перамогі, і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Бо, што ні кажы, толькі ў адзінстве наша сіла, толькі разам мы зможам выстаяць перад знешнімі і ўнутранымі пагрозамі. Мы — адзіны народ, шматнацыянальны і шматканфесійны. Мы ўмеем добра працаваць, адпачываць, а яшчэ і сябраваць.
З віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Усіх пружанцаў Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў з дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства. Ён нагадаў, што дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар як напамін аб каштоўнасцях уз’яднання беларускага народа. Акт гістарычнай справядлівасці кансалідаваў грамадства, даў імпульс мірнаму і стваральнаму развіццю нашай краіны. Кіраўнік раёна прывёў гістарычныя факты пра ўз’яднанне беларускіх зямель. Лёс Беларусі прадвызначылі мудрасць, згуртаванасць і мужнасць нашых папярэднікаў.
— Гэта найяскравейшы прыклад высокай грамадзянскасці, патрыятызму. Святкаванне Дня народнага адзінства — гэта даніна эпосе, якая падаравала нам, беларусам, права займаць сваё месца на карце свету. Мы ганарымся тым, што з’яўляемся нашчадкамі пакалення пераможцаў. Наш абавязак — захаваць адзінства, нацыянальную згоду, каб арганізавана і згуртавана процістаяць любым глабальным выклікам і пагрозам сучаснасці, пераадольваць цяжкасці і захоўваць стабільнасць для паляпшэння жыцця людзей і росквіту нашай Радзімы. Сёння Беларусь — гэта краіна, з думкай якой лічацца. Мы змаглі захаваць нашыя прадпрыемствы, якія стабільна працуюць. Нашу прадукцыю ведаюць ва ўсіх кутках свету. Мы поўнасцю забяспечваем сябе харчаваннем, пастаўляем прадукты харчавання за мяжу.Мы будуем жыллё, дарогі, бальніцы, школы, спартыўныя аб‘екты. Мы жывём у спакойнай краіне, дзе ў кожнага ёсць усе магчымасці для самарэалізацыі, дзе кожны чалавек абаронены законам, дзе ўсё, што створана працуе для чалавека, — сказаў Міхаіл Міхайлавіч. Ён пажадаў усім моцнага здароўя і шчасця.
З цёплымі словамі прывітання і віншавання да прысутных звярнуўся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Міхаіл Грышкевіч і Мікалай Кудравец таксама ўручылі ўзнагароды з нагоды свята шэрагу адказных работнікаў, жыхароў раёна.
Асобнай старонкай мерапрыемства стала прэзентаванне кнігі лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Пружаны. Падарожжа ў часе». Пад адной вокладкай у ёй сабраны ўнікальныя сведчанні пра падзеі мінулых часоў. Доўгачаканае вызваленне ад панскага ярма Заходняй Беларусі і аб’яднанне яе з усходнімі тэрыторыямі ў адзіную краіну, народа — у адну вялікую сям’ю стала святам, без перабольшвання, са слязамі на вачах. Напярэдадні Дня народага адзінства гісторык і калекцыянер прэзентаваў цыкл зборнікаў пад агульнай назвай «Бацькаўшчына» з серыі «У пошуках страчанага», прысвечаны падзеям 17 верасня 1939 года. Цыкл уключае пяць кніг: пра Брэст, Кобрын, Бярозу, Пружаны і Пінск. Аўтар нібы здзейсніў вандроўку ў мінулае, адкруціў стрэлкі нашага хуткаплыннага часу на больш чым 80 гадоў назад.
Затым удзельнікі творчых калектываў Пружаншчыны далі святочны канцэрт.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Фотаальбомы з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_286661930 і https://ok.ru/budni/album/947270841224