Мы — свежы вецер, агонь крылаты… Так пачыналася песня кампазітара Аляксандры Пахмутавай на словы Мікалая Дабранравава пра будаўнічыя атрады, якія ехалі асвойваць цалінныя і абложныя землі ў далёкім Казахстане. Рамантыка тых дзён — ці страцілася яна сёння?

Зразумела, студэнцкія атрады, якія дзейнічаюць зараз у Пружанскім раёне, не ездзілі на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі, не пакаралі цаліну альбо сібірскія рэкі. Але іх работа таксама запатрабаваная. Няхай не прыносіць яна яшчэ вялікага прыбытку, але справа ў тым, што хлопцы і дзяўчаты падчас летніх канікулаў працуюць, а не бадзяюцца незанятымі. Яны ўжо пачалі зарабляць свае першыя грошы, ведаюць ім цану. Вось з гэтымі маладымі людзьмі мы і сустрэліся ў гарадскім Палацы культуры падчас мерапрыемства, якое стала вынікам трэцяга працоўнага семестра.

Як паведаміў вядучы мерапрыемства Вячаслаў Краўчук, 332 юнакоў і дзяўчат працавалі ў 26 студэнцкіх атрадах Пружанскага раёна. Яны сталі вялікай, дружнай сям’ёй.
Першы сакратар раённай арганізаццыі ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук сваім прывітальным словам адкрыла ўзнагароджанне лепшых студатрадаў і іх байцоў. Яна сказала, што рада выказаць падзяку ўстановам адукацыі за сумленную работу байцоў, арганізацыю атрадаў. Ульяна Васільеўна выказала спадзяванне, што ў наступным годзе яны змогуць зрабіць яшчэ больш добрых спраў. Затым узнагароды атрымалі ўсе навучальныя ўстановы раёна, а таксама аддзел па адукацыі райвыканкама за значны ўклад у развіццё студатрадаўскага руху па выніках работы трэцяга працоўнага семестра 2024 года.
Прыемна было бачыць на сцэне сярод узнагароджаных і лепшых байцоў студатрадаўскага руху, якія зрабілі асабісты ўнёсак у яго развіццё. Крыху пазней я пагутарыў з гэтымі цудоўнымі маладымі людзьмі.

На сцэну быў запрошаны начальнік аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік, які выказаў падзяку ўсім, хто застаўся нераўнадушным да занятасці моладзі ў вольны час, і асабіста — хлопцам і дзяўчатам, якія добра папрацавалі, сталі прыкладам для сваіх аднагодкаў. Аляксандр Канстанцінавіч уручыў дыпломы за актыўную работу па папулярызацыі студатрадаўскага руху сярод вучнёўскай моладзі: ІІІ ступені — СШ № 1 імя ЧБВА і СШ № 4, І ступені — Ружанскай СШ імя Казіміра Марача.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Пасько дзякавала ўсім тым, хто з радасцю і адказнасцю прымаў студэнцкія атрады на сваіх прадпрыемствах, прадастаўляў занятак, своечасова выплочваў заробленыя грошы. Лепшым наймальнікам, які прымаў студэнцкі атрад, па выніках трэцяга працоўнага семестра 2024 года было прызнана КУВП «Камунальнік». Юлія Аляксандраўна ўручыла дыплом і падарунак намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандру Кандрацюку.
Напрыканцы мерапрыемства сваімі думкамі пра тое, ці лёгка быць лепшым байцом студатрадаўскага руху, падзяліліся дыпламанты трэцяга працоўнага семестра.
Аляксандр Кляшчоў, Слабадская СШ:

— Не вельмі лёгка стаць лепшым. Каб дабіцца гэтага статусу трэба пастарацца. Я працаваў на жывёлагадоўчым комплексе ў ААТ «Пружанскае». Вельмі прыемна, што мая работа дастойна ацэнена.
Арына Джэйкун, Кляпацкая СШ:

— Працавала ў ААТ «Жураўлінае» на міжвідавой праполцы збожжавых. Калі добра старацца, то не так і цяжка дабіцца добрых вынікаў.
Валерыя Онахава, Параслянская СШ:

— Нават і не думала пра тое, што стану лепшай і атрымаю ўзнагароду. Проста працавала на міжвідавой праполцы збожжавых. Мне вельмі прыемна, што мяне прызналі адным з лепшых байцоў.
Наталія Бульц, Шаняўская СШ імя Міколы Засіма:

— У ААТ «Шані-аграпрадукт» працавала на міжвідавой праполцы і на жывёлагадоўчым комплексе. Работа давалася нялёгка. Атрымліваеш асалоду, калі ёсць добрыя рэзультаты.
Міхаіл Астапчык, Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж:

— Мяне накіравалі на працу ў Брэсцкую абласную праектна-вышукальную станцыю хімізацыі г. Пружаны. Займаліся зборам узораў збожжавых культур, іх прасушкай. Трэба добра адносіцца да даручанай справы, тады і рабіць яе будзе няцяжка. Дзякую за ўзнагароду.
Мы ж, у сваю чаргу, пажадаем юным студатрадаўцам азарту, гарачых сэрцаў і імкнення да новых перамог.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара
Яшчэ больш фота: https://vk.com/album-23306785_304864972 і https://ok.ru/budni/album/985047045768