У мінулую пятніцу на лёдзе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 прайшло святочнае шоу, прымеркаванае да 15-гадовага юбілею ўстановы. Гледачы і госці свята змаглі атрымаць асалоду ад цудоўных творчых нумароў, якія падрыхтавалі для іх артысты эстраднай студыі «Меладзін» і выхаванцы школы.
За 15 гадоў трэнеры ДЮСШ №2 разам са сваімі падапечнымі дасягнулі ўражальных вынікаў на спартыўнай ніве. Былі падрыхтаваны чатыры майстры спорту, 15 кандыдатаў у майстры спорту, а дзясяткі выхаванцаў станавіліся пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Гэта ў чарговы раз даказвае, што ў Пружанах надаецца вялікая ўвага фізічнаму выхаванню дзяцей і моладзі, а ў прыярытэце здаровы лад жыцця і падрыхтоўка спартсменаў высокага класа.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч выступіў з віншавальнай прамовай і зрабіў спартыўнай школе падарунак: грашовы сертыфікат на 2700 рублёў на набыццё спартінвентара і абсталявання. А таксама ўрачыста ўручыў граматы і падзячныя пісьмы работнікам спартыўнай установы за паспяховую дзейнасць у развіцці фізічнай культуры і спорту, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у падрыхтоўку спартыўнага рэзерву.

Падзячныя пісьмы ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама атрымалі Ганна Петраневіч, сакратар прыёмнай, і Афеля Адамян, загадчыца склада. Граматамі Пружанскага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны трэнеры-выкладчыкі па спорце Вольга Уважаная і Таццяна Хадаровіч. Ганаровымі граматамі Пружанскага раённага Савета дэпутатаў — вартаўнікі Уладзімір Куцюк і Наталля Васільева.

Дырэктар Пружанскай ДЮСШ №2 Аляксандр Шаманаў атрымаў грамату Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, а граматай Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў была ўзнагароджана вартаўнік Таццяна Міхеева.

Ганаровымі граматамі Пружанскай раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўзнагародзілі старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДЮСШ №2 інжынера Юрыя Шэпеля і намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Вольгу Клімук. А граматы з рук Юрыя Шэпеля ў гэты дзень атрымалі шматлікія работнікі ДЮСШ №2.

У сваю чаргу Аляксандр Шаманаў уручыў лісты падзякі за супрацоўніцтва і падтрымку дзіцячага спорту спонсарам: дырэктару ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандру Лосю, начальніку ДУБП «Пружанская ПМК-21» Васілію Лук’янчуку, дырэктару ААТ «Велікасельскае Агра» Васілію Севасцьянчыку, дырэктару ААТ «Ружаны-Агра» Андрэю Бурдуку, старшыні ГА «Беларускі саюз канькабежцаў» Юліі Комлевай.
На свяце ўзгадвалі старонкі гісторыі станаўлення і развіцця спартыўнай школы, імёны людзей, якія ўнеслі значны ўклад у фарміраванне спартыўных дасягненняў. Бо сапраўды, гэты доўгі шлях даўжынёю ў 15 год быў не вельмі простым і не такім гладкім, як лёд, на якім трэніраваліся і спаборнічалі спартсмены. Давялося пераадольваць розныя складанасці. Але ў выніку, дзякуючы самаадданым і бескарыслівым майстрам сваёй справы і іх памочнікам, многія хлопчыкі і дзяўчынкі з нашага горада і раёна атрымалі магчымасць не проста займацца спортам, але і змаглі дасягнуць спартыўных вышынь і зрабіць імя нашай спартыўнай школе.

Цяпер Пружанская ДЮСШ №2 займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіёне. Але на гэтым нашыя трэнеры і спартсмены спыняцца не збіраюцца!
Вольга Вадзяновіч. Фота Уладзіслава Шпарлы
Яшчэ больш фотаздымкаў у альбомах у нашых групах: https://vk.com/album-23306785_285409686 і https://ok.ru/budni/album/944667893896