Вучыцца трэба ўсё жыццё. Асабліва медыцынскім работнікам. У іх усё прафесійнае жыццё — суцэльная навучальная практыка. Таму і быў арганізаваны ў Пружанах семінар для сярэдніх медыцынскіх работнікаў па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.
Установу аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» наведаў цэлы прафесійны дэсант з урачоў (педыятра, тэрапеўта, гінеколага, неўролага, анколага) Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта на чале з выкладчыцай ВНУ Галінай Сёмкінай.

У актавай зале райбальніцы сабралі сярэдні медыцынскі персанал, ці, прасцей кажучы, медсясцёр. Ім Галіна Іосіфаўна прачытала лекцыю, як правільна дапамагчы чалавеку, які страціў прытомнасць, як прафесійна правесці рэанімацыйныя маніпуляцыі, каб не нашкодзіць пацярпеламу, і пра многае іншае. Такія веды вельмі патрэбныя не толькі медработнікам — кожнаму чалавеку.
Далей былі практычныя заняткі на электронным манекене. Медсёстры практыкаваліся правільна рабіць непрамы масаж сэрца, штучнае дыханне. За правільнасцю маніпуляцый уважліва сачыў камп‘ютар.
Затым Галіна Сёмкіна адказала на некалькі пытанняў.
— Галіна Іосіфаўна, раскажыце пра мерапрыемства, якое было арганізавана на базе нашай райбальніцы.
— У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце практыкуюцца мерапрыемствы па правядзенні розных лекцый, семінараў, практычных заняткаў па аказанні аператыўнай дапамогі ў розных медыцынскіх установах Брэсцкай вобласці. Да Пружан я наведала Пінск, Столін, Камянец. Лічу, што такога рода мерапрыемствы вельмі карысныя як для нас, так і для прадстаўнікоў устаноў аховы здароўя.

У вашай установе мая мэта — правесці семінарскі занятак па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Я ў гэта ўключыла аповед пра наш сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр, які існуе ў Гродзенскім медуніверсітэце, дзе я працую. Таксама прачытала лекцыю пра тэрмінальныя станы. Медработнікі павінны ведаць пра тое, што значыць цяжкі стан, якія сімптомы да яго адносяцца, калі праводзіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю і іншае. Затым папрацавалі практычна на манекене.
Я рада, што для гэтых заняткаў у вашай установе ўсё было арганізавана на вышэйшым узроўні. Тут працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія могуць аказаць усю неабходную дапамогу. Можна паставіць усім выдатную адзнаку.
Загадчыцу паліклінікі, урача-тэрапеўта Вольгу Барысюк мы папрасілі
падзяліцца сваім меркаваннем:
— Мерапрыемствы такога кшталту вельмі запатрабаваныя. Мы былі папярэджаны аб прыездзе спецыялістаў з Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта з мэтай кансультавання нас як урачоў-спецыялістаў. Былі пракансультаваны і пацыенты. Ім аказана патрэбная інфармацыйная дапамога. Таму і пацыентам, і нам —вельмі вялікая карысць ад такіх наведванняў.
— Такога кшталту семінары неабходны і надалей?
— Зразумела. Ёсць пэўныя мерапрыемствы, запланаваныя на гэты год, на кастрычнік. У нас будуць спецыялісты не толькі з Гродна, але і з Брэста. Узаемадзеянне ў гэтым напрамку наладжана. Мы маем кансультацыйную дапамогу. Дзякуй за гэта.
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік