Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Віталій Бруцкі ў сярэдзіне чэрвеня святкуе адразу дзве роднасныя даты: Сусветны дзень донара крыві і Дзень медыцынскага работніка.
Віталій Юр’евіч родам са Столінскага раёна, скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, пасля размеркавання ў 2019 годзе трапіў у Пружанскую ЦРБ і ўжо чатыры гады дапамагае людзям… жыць. І гэта, без перабольшвання, так.
Ужо падчас вучобы малады чалавек зразумеў: на абраным шляху чакае нямала цяжкасцей, але з рашучасцю прыняў выклік. Як кажуць, бачыў мэту, не заўважаў перашкод.
— Здаецца, ну ўсё, асвоіў азы ўрачэбных ведаў, цяпер павінна стаць лягчэй, але дзе там! У гэтым увогуле заключаецца сутнасць медыцыны: заўсёды быць напагатове, не расслабляцца — усміхаецца Віталій Бруцкі. — Што ўтойваць, наша праца сапраўды няпростая, бывае складана і фізічна, і маральна. Але я адчуваю сябе на сваім месцы, для мяне тут усё зразумела і правільна.
Ад дзеянняў урача анестэзіёлага-рэаніматолага ва многім залежыць паспяховы вынік аперацыі.
— У мае абавязкі ўваходзіць забеспячэнне пацыента наркозам. Таксама ў працэсе аперацыі я сачу за станам чалавека і ў выпадку ўзнікнення праблем аказваю пацыенту дапамогу. Апроч гэтага, кантралюю працэс аднаўлення асноўных функцый арганізма, — тлумачыць мужчына. — У нашым аддзяленні лечацца людзі з наступствамі інфарктаў, інсультаў, сур’ёзных траўмаў, атручвання, ДТЗ і г.д. Такім чынам, я працую з самымі «цяжкімі» пацыентамі.
Па словах Віталія Юр’евіча, з вопытам выпрацоўваецца здаровая стрыманасць.
— Да ўсяго прывыкаеш. Нам, урачам, эмацыйнасць зусім не да месца. Памятаю, калі толькі пачынаў працаваць, эмоцыі моцна перашкаджалі. З часам, з узростам выпрацаваліся засцерагальныя механізмы псіхікі, каб было прасцей засяроджвацца на асноўнай мэце — выратаванні чалавечага жыцця, — кажа анестэзіёлаг-рэаніматолаг. — У той жа час гэта не значыць, што перастаеш спачуваць людзям.
Аддзяленне рэанімацыі, анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі, разлічанае на шэсць ложкаў, ніколі не бывае пустым, а часта — запоўнена па максімуме. Віталій Бруцкі кажа, што бываюць дзяжурствы, падчас якіх літаральна няма часу прысесці.
— Можна задаць сабе пытанне: дзеля чаго ты трываеш, з якой мэтай паступаешся пэўным камфортам? Але ў медыкаў у гэтым сэнсе ўсё проста, — усміхаецца Віталій Юр’евіч. — Ставіш сябе на месца пацыента і думаеш, што ўся твая стома — проста пабочны эфект ад няўдалага працоўнага дня, а сапраўдных праблем, аказваецца, і няма. Калі людзі на тваіх вачах так сур’ёзна хварэюць і пакутуюць, вядуць барацьбу за кожную гадзіну жыцця, часовыя цяжкасці адыходзяць на другі план.
Віталій Бруцкі з’яўляецца донарам крыві з 2019 года, з моманту, як прыйшоў на працу ў Пружанскую ЦРБ. Прыкладна раз у два месяцы мужчына дзеліцца сваёй крывёй з тымі, каму яна патрэбна.
— У свой час мяне «заўважыў» вельмі актыўны, захоплены сваёй справай урач — загадчык аддзялення пералівання крыві Іван Іванавіч Сямашка, — узгадвае анестэзіёлаг-рэаніматолаг. — Памятаю, што здаваць кроў у першы раз было хвалююча. Але ніякіх наступстваў не назіралася, і цяпер я іх не адчуваю. Больш таго, з’явілася пэўная патрэба ў «ачышчэнні» арганізма.
Верагодна, з-за таго, што мужчына не па расказах ведае, наколькі кроў — каштоўны рэсурс, ён і далучыўся да донарскага руху.
— Для бесперабойнай і якаснай працы нашаму аддзяленню неабходна шмат крыві. Мы нярэдка сустракаемся з масіўнымі стратамі крыві і таму разумеем, што донарства з’яўляецца важнай грамадскай з’явай. Асабіста для донара 500 мл крыві амаль нічога не значаць, а чалавеку, які мае патрэбу, гэта можа ўратаваць жыццё, — кажа Віталій Бруцкі. — Буду шчырым: не кожны раз я іду здаваць кроў з узнёслымі думкамі. Проста разумею неабходнасць гэтай справы і раблю яе.
Юлія Янушка