Четверг, 22 февраля 2024

Урач агульнай практыкі Шарашоўскай гарадской бальніцы Алёна Дайнэка: «Імкнуся быць добрым урачом і добрым чалавекам»

633

Дзіцячым марам уласціва збывацца. Галоўнае — жаданне і ўпарты шлях да іх ажыццяўлення. Гераіня, з якой хачу пазнаёміць сёння, — якраз прыклад таго, як дзіцячая цікавасць перарасла ў вялікую мару. Мара, у сваю чаргу, рэалізавалася і стала жыццёвай дарогай. А жыццёвая дарога прывяла на Пружаншчыну — у родны і добра знаёмы раён.

З малых гадоў Алёна часта бывала ў сценах цэнтральнай раённай бальніцы. Не, не таму, што пастаянна хварэла. Старшай медсястрой тут працавала і працуе мама. З непадробнай цікавасцю дзяўчынка хадзіла па калідорах тэрапеўтычнага аддзялення, бачыла пацыентаў і ўрачоў, а ў думках прымярала белы халат на сабе. Калі прыйшоў час выбіраць, у яе было два варыянты: юрыдычная спецыяльнасць і медыцынская. І ўрачэбная справа перамагла: як бы гэта банальна ні гучала, Алёна хацела дапамагаць людзям.

— Многіх маіх аднакласнікаў і аднакурснікаў прыцягваў вялікі горад. Маўляў, там больш варыянтаў для працаўладкавання і магчымасцей. А мне хацелася ўжо вярнуцца дадому, нават калі яшчэ толькі паступала ў Гродзенскі медуніверсітэт. Тут сям’я, сябры, знаёмыя. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Так і аказалася. А выбрала медыцынскі таму, што хацелася рабіць людзей больш здаровымі і шчаслівымі, — расказвае Алёна Дайнэка.

Цяпер яна — урач агульнай практыкі Шарашоўскай гарадской бальніцы. Да гэтага ж была абарона дыплома, інтэрнатура, якую праходзіла на базе тэрапеўтычнага аддзялення Пружанскай ЦРБ. Кожныя тры месяцы ездзіла ў Гродна і здавала атэстацыю.

Першы дзень у статусе інтэрна, успамінае Алёна, быў дажджлівым. Ад хвалявання дрыжалі рукі. Але ўпэўненасці дадала загадчыца аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Жанна Ісакава, непасрэдны яе кіраўнік. Менавіта Жанна Жанаўна расказвала, паказвала і падказвала ў складаных сітуацыях.

— Насамрэч, удзячна абсалютна кожнаму ўрачу, з якім давялося папрацаваць. Разумееце, у кожнага свая методыка, свой падыход. У кожнага пераймаеш не толькі прафесійнае, але і чалавечае стаўленне да пацыентаў. А яшчэ разумееш, што кожны сапраўды на сваім месцы, — працягвае дзяліцца ўражаннямі малады спецыяліст.

Дарэчы, пра маладога спецыяліста. Калі раней Алёна толькі пераймала вопыт, то са жніўня нясе адказнасць за пацыентаў сама. Дзяўчына прызнаецца: хочацца апраўдаць ускладзены на яе давер. Алёна вельмі рада, што падчас інтэрнатуры давялося сутыкнуцца з выпадкамі, калі чалавеку неадкладна патрабуецца дапамога. Як ні круці, а ўзяць верх над эмоцыямі для медыка — першачарговая задача.

Зараз Алёна Дайнэка часта выступае ў якасці кансультанта для родных і сяброў. Але лячыць блізкіх людзей, па словах урача, заўсёды вельмі цяжка. Усё таму, што ты адчуваеш павышаную адказнасць, успрымаеш іх не як звычайных пацыентаў.

У завяршэнне пытаюся, ці задаволена Алёна і дзе бачыць сябе ў будучым:

— Мне вельмі хочацца быць добрым урачом і проста добрым чалавекам. Дзе я буду: застануся ў Шарашэве ці вярнуся ў Пружаны — гэта ўжо не мае значэння. Я абрала сваёй прафесіяй дапамогу людзям. І хачу заставацца вернай гэтаму шляху.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік