Вторник, 18 февраля 2025

Унутраная сіла і неймаверная дабрыня. Амаль 40 гадоў жыцця прысвяціла прафесіі медсястры Ірына Лапаценка

912

Штогод 12 мая ва ўсім свеце адзначаецца Дзень медыцынскай сястры. Гэта свята тых, без каго немагчыма выздараўленне хворых. Бо менавіта медсёстры ажыццяўляюць прызначанае ўрачом лячэнне, штодзённы догляд пацыентаў, акружаюць іх клопатам і ўвагай.

Медсястра рэанімацыйнага аддзялення ЦРБ Ірына Лапаценка.

Ірына Лапаценка прысвяціла гэтай прафесіі амаль 40 гадоў. І ўвесь гэты час яна працавала ў рэанімацыйным аддзяленні Пружанскай бальніцы. Гледзячы на гэтую маленькую далікатную жанчыну, я міжволі задумалася: колькі ж у ёй унутраных сіл і неймавернай дабрыні! Адразу разумееш, што чалавек знайшоў у жыцці сваё сапраўднае прызначэнне. Аб гэтым сведчаць і шматлікія дыпломы, узнагароды і падзячныя пісьмы.

Ірына Мікалаеўна надзіва энергічны і творчы чалавек. І словы «душа спявае» менавіта пра яе. Яна з задавальненнем выступае на сцэне ў складзе народнага хору народнай песні «Вербніца».

За гады працы Ірына Мікалаеўна прайшла праз многія выпрабаванні, бо рэанімацыя — гэта адно з самых складаных аддзяленняў у бальніцы. Яна бачыла пакуты людзей, сутыкалася са смерцю. Як прызнаецца жанчына, ёсць рэчы, да якіх так і не прывыкла. А значыць, не ачарсцвела сэрцам, не згубіла якасці, уласцівыя чалавеку яе прафесіі: міласэрнасць, чуласць, жаданне клапаціцца аб іншых.

Хочацца выказаць сваё захапленне і вялікую падзяку і гэтай медсястры, і ўсім тым, хто прысвячае сваё жыццё такой патрэбнай і такой нялёгкай працы. Няхай у вашых працоўных буднях будзе больш радасных падзей!

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара