Суббота, 5 октября 2024

Унікальныя навагоднія паштоўкі аўтарства Уладзіміра Зарубіна можна ўбачыць у фондах музея «Пружанскі палацык»

3 132

Сярод вялікай колькасці паштовак, якія захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык», асаблівую ўвагу напярэдадні Новага года выклікаюць паштоўкі Уладзіміра Зарубіна.

Уладзімір Зарубін.

Многія памятаюць савецкія паштоўкі з вясёлымі звяркамі, снегавікамі, дзецьмі і Дзедам Марозам, выкананыя ў простым стылі. Нехта нават узгадае імя мастака, якое было пазначана на кожнай паштовай картцы, — Уладзімір Зарубін.

З ранняга дзяцінства ён меў выдатную магчымасць далучацца да лепшых узораў рускай графікі. У яго сям’і захоўвалася вялікая калекцыя паштовак і кніг з рэпрадукцыямі карцін, якія сталі цудоўнымі прыкладамі для творчых работ майстра. Першымі, хто ацаніў малюнкі хлопчыка, былі вясковыя жыхары — ім ён прадэманстраваў копію нейкай карціны з кнігі. Суседзі былі здзіўлены тым, што пяцігадовае дзіця так добра малюе, у вёсцы пачалі гаварыць пра Валодзю як пра будучага мастака.

Зарубін скончыў вячэрнюю школу і паралельна курсы мастакоў-мультыплікатараў пры кінастудыі «Саюзмультфільм», дзе пазней працаваў з 1957 па 1982 год. За гэты час ён прыняў удзел у стварэнні сотняў выдатных мультфільмаў, сярод якіх «Ну, пачакай!», «Маўглі», «Па слядах брэменскіх музыкантаў», «Таямніца трэцяй планеты». У канцы 70-х гадоў Уладзіміра Іванавіча прынялі ў Саюз кінематаграфістаў СССР.

Паралельна з мультыплікацыяй Зарубін займаўся і паштовай мініяцюрай. У 1962 годзе выйшла першая паштоўка мастака з добра вядомым «фірмавым» стылем, якому майстар ніколі не здраджваў. Менавіта паштоўкі прынеслі творцу ўсесаюзнае прызнанне і любоў.

У савецкія часы гэтыя яркія прастакутныя кардонкі перасылаліся сотнямі тысяч: традыцыя адпраўляць віншаванні, запрашэнні або проста кароткія пасланні на прыгожай паштовай картцы была вельмі папулярнай на ўсёй тэрыторыі краіны. Зарубінскія малюнкі імгненна распрадаваліся з прылаўкаў паштовых аддзяленняў і газетных кіёскаў. Людзі калекцыянавалі работы мастака, з нецярпеннем чакаючы з’яўлення новых узораў яго творчасці, а дзеці дасылалі яму лісты. Дзіўна, але заўсёды вельмі заняты Уладзімір Іванавіч асабіста адказваў на кожны ліст ад прыхільнікаў. Ён быў вельмі добрым чалавекам і шчыра верыў, што паштоўкі дапамогуць людзям таксама стаць лепшымі.

Зарубіна можна назваць сусветным рэкардсменам, бо яго паштоўкі разам з канвертамі і бланкамі тэлеграм былі выпушчаны ў велізарнай колькасці — больш за 1,5 млрд асобнікаў! Нягледзячы на гэта, многія работы мастака можна лічыць сапраўднымі рарытэтамі. У філакартыі ёсць нават адмысловы кірунак — калекцыянаванне паштовак Уладзіміра Зарубіна, некаторыя з іх знаходзяцца ў фондах нашага музея.

Сваёй любімай справай мастак займаўся да самага апошняга дня. Памёр 25 гадоў таму, ва ўзросце сямідзесяці гадоў.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»