«Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфраў». Такую назву мае выстава, якая пачала працу ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» 6 чэрвеня, падчас спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі». Яна арганізавана ў трэндзе асноўнай стылістыкі фестывалю — узораў традыцыйнага беларускага ткацтва, якія сталі крыніцай натхнення для арт-праектаў рэспубліканскага мерапрыемства.
Трэба адзначыць, што такая тэматыка была абрана нездарма. Ткацтва з’яўляецца адным з самых старажытных заняткаў нашых продкаў. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне. У гэтым дэкаратыўным мастацтве адлюстравалася векавая гісторыя народа, яго майстэрства і густ.
На Пружаншчыне захавалася шмат арыгінальных прыкладаў традыцыйнай культуры. Іх асаблівасць у пэўнай эклектычнасці і аўтэнтычнасці. Менавіта ўнікальнае мясцовае ткацтва адлюстраваў музей-сядзіба «Пружанскі палацык».
Рамяство, вядомае з часоў неаліту, прадстаўляе сабой працаёмкі выраб тканін з пражы шляхам перапляцення нітак асновы і ўтка. Пражу для тканін рабілі з ільну, воўны, пянькі. Працэсы яе апрацоўкі выконвалі ўручную: бялілі, фарбавалі, снавалі. Ткалі спачатку на вертыкальных ткацкіх станках і прымітыўных прыстасаваннях (бердзечках, дошчачках), а з ХІ-ХІІІ ст. — гарызантальных кроснах.
У XVI-XVIII ст. ткацтва было развітым заняткам у вёсцы і горадзе. Майстры працавалі пры княскіх дварах, шляхецкіх маёнтках, манастырах. Мясцовыя прыгонныя сяляне і замежныя майстры ў XVIII ст. стаялі ля вытокаў мануфактурнай вытворчасці мастацкіх тканін (паясоў, адзення, абрусаў і інш.) у ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў. У ХІХ ст. Ружаны сталі адным з прамысловых цэнтраў ткацтва і сукнавытворчасці Беларусі. Але асноўнымі захавальнікамі традыцый народнага тэкстылю з’яўляліся жыхары вёсак, якія зберагалі і ўдасканальвалі ўнікальнае мастацкае рамяство, якое дасталося ад продкаў.
У залежнасці ад прызначэння даматканыя творы падзяляліся на тонкія кужальныя — для кашуль, ручнікоў, абрусаў, бялізны, і грубейшыя — для верхняга адзення і інтэр’ераў (дываноў, палавікоў, посцілак і інш.).
Прыгажосцю вылучаліся ручнікі абрадавага (вясельныя, пахавальныя і інш.), дэкаратыўнага, утылітарнага прызначэння. Мясцовыя ручнікі — белыя з пераважна геаметрычным арнаментам у выглядзе папярочных палос (узораў) чырвонага ці з украпеннямі чорнага колераў. Акрамя тканых узораў ручнікі ўпрыгожвалі вышыўкай, вязанымі карункамі на канцах. Менавіта такія ільняныя ручнікі можна ўбачыць ў палацыку. Пераважна гэта аднатонныя двухнітовыя тканіны са старажытным палатняным перапляценнем, вытканыя невядомымі майстрыхамі з в. Плябанцы (1930-я гг.), в. Аранчыцы і в. Боркі (1950-1960-я гг.) і інш. Шмат ручнікоў з саржавым перапляценнем — даўняй тэхнікай, пры якой дасягаецца дыяганальны рэльефны рубчык — гэта творы Вольгі Валюшка з в. Наскі (1950-я гг.), невядомых ткачых з Купліна, Аранчыц і Плябанцаў (1920 -1930-я гг.).
Немагчыма ўявіць інтэр’ер сялянскай хаты без настольніцы — так называецца на Пружаншчыне абрус. Яе рабілі пераважна ў чатыры ці восем нітоў. Асаблівай вытанчанасцю вылучаліся аднатонныя ажурныя з рамбічнымі адтулінамі і ажурныя сеткавыя настольніцы і фіранкі з тонкага выбеленага ільнянога палатна. На выставе ёсць прыклады розных настольніц 1950-1970-х гг., вытканых невядомымі майстрыхамі з Загор’я, Зарэчча, Аранчыц, Лінова, Купліна і інш.
Разнастайным па тэхнічных прыёмах і аздабленні быў дэкаратыўны тэкстыль для інтэр’ераў, сямейных урачыстасцяў і абрадаў (дываны, радны, тэнчы, посцілкі і інш.). Цікава, што агульнапрыняты тэрмін «посцілкі» ў дачыненні да шэрагу хатніх тканін на Пружаншчыне амаль не ўжываецца. Творы для аздаблення сцен, ложкаў, канапаў, лаваў нашы продкі часцей называлі дыванамі, а прасцейшыя — раднамі. Слова «посцілкі» ў мясцовых гаворках сустракаецца пераважна ў дачыненні да палавікоў.
Самымі вядомымі сярод тэкстылю былі дываны — тканыя вырабы з воўны, бавоўны, ільну для ўпрыгажэння і ўцяплення жылля. Сярод іх прыгажосцю вылучаліся творы ў тэхніцы бранага ткацтва («пад дошчачку»). Гэта паўажурныя фактурныя тканіны з рытмічнымі ўзорамі, якія ўтвараліся на кроснах пры дапамозе спецыяльнай дошчачкі (бральніцы). Напрыклад, дываны і ручнікі Ганны і Людмілы Яроцкіх са Смаляніцы 1960-1970-х гг., дываны Яўгеніі Ярошкі з Вялікага Сяла 1980-х гг. і інш.
Цікавымі дыванамі з’яўляюцца тэнчы (у цэнтры і на ўсходзе Беларусі іх называлі «вясёлкі»). Гэта мясцовыя дываны з папярочным «вясёлкавым» двухбаковым арнаментам на цёмным фоне, вытканыя ў тэхніцы падвоенага ткацтва. На выставе ёсць тэнчы 1960-х гг., зробленыя Яўгеніяй Ярошка з в. Вялікае Сяло і невядомай пружанскай майстрыхай.
Асобную частку мастацкага тэкстылю ў «палацыку» складаюць творы ў тэхніцы падвойнага (двухасноўнага) ткацтва — двухбаковыя дываны. Такіх дываноў, створаных у 1950-1970-х гг., на выставе больш за дзесяць — работы невядомых аўтараў з Аранчыц, Борак і Круглага, Ганны Яроцкай са Смаляніцы, Яніны Гадуйка з Вялікага Зосіна, Веры Стасюкевіч з Лыскава, Марыі Шаркота са Стараволі і Таццяны Краўчук з Залесся (Хараўскога).
Цікавымі прыкладамі аднабаковага перабору з прыціскной асновай (так званага закладу) з’яўляюцца вырабы 1960-х гг. — дываны Кацярыны Шопік з в. Смаляніца і настольніца невядомай ткачыхі з в. Чадзель. На іх шматколерны ўзор з буйных геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў утвораны на аднабаковым уточным насціле.
Таксама на выставе ёсць некалькі раднаў — сціплых дываноў з грубага палатна з простым узорам ці без яго. Ёсць і простыя тканыя хатнія прадметы — радзюжкі — тканіны з грубай пражы (ільну, пянькі), вытканыя ў чатыры ніты і сшытыя з дзвюх полак. Найчасцей яны мелі цёмны клятчасты ці палосны малюнак.
Палавікі (мясцовыя назвы —ходнікі, дарожкі, посцілкі), сеннікі, мяшкі і інш.) ткалі з нізкаякаснай пражы ў два — чатыры ніты. Гэтыя доўгія тканіны з грубай пражы, якімі засцілалі падлогу, у асноўным былі каляровыя (палосныя) ці манахромныя.
Акрамя інтэр’ернага тэкстылю прадстаўлены і традыцыйны народны касцюм з даматканага палатна.
На выставе «Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфраў» прадстаўлены прыклады мясцовага ткацтва ХХ ст. з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык», збораў раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, прыватных калекцый. Мясцовы тэкстыль і строі адзення маюць вялікую мастацкую вартасць і навуковую каштоўнасць, даюць уяўленне аб багатай спадчыне, разнастайнасці тэхнік, асаблівасцях дэкору, арнаментаў, колераў, прызначэнні твораў. Шматлікія даўнія тэкстыльныя помнікі ўпершыню экспануюцца ў музеі, уражваюць разнастайнасцю ўзораў і кампа-зіцый, багаццем каларыстычнай гамы і матываў.
Усе, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з народнай спадчынай, можа завітаць у «Пружанскі палацык». Выстава будзе працаваць у музеі да канца верасня 2024 года.
Наталія Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама