Понедельник, 2 декабря 2024

Умеем ли мы отдыхать у воды? Проведен рейд по безопасности на воде

842

«Скажы, як адпачываешь, і я скажу, хто ты «. Мы нездарма інакш выказалі знакамітую фразу старажытнагрэчаскага паэта Еўрыпіда, бо па тым, як адпачываюць людзі, можна адразу вызначыць, дзе пабываў чалавек і што пабачыў…

Спякоту лепш за ўсё пераносіць на беразе якога-небудзь вадаёма. Таму ў сонечныя дні на пляжах каля дазволеных для купання азёраў у нашым раёне можна назіраць сапраўдны натоўп. Хаця хапае і тых, хто купаецца ў забароненых для такога віду адпачынку вадаёмах. Аб гэтым сведчыць тое, што толькі ў чэрвені падчас рэйдаў да адміністрацыйнай адказнасці за купанне ў забароненым месцы былі прыцягнуты трое дарослых, а каля трох дзясяткаў падлеткаў былі папярэджаны, што за такое баўленне вольнага часу штрафныя санкцыі могуць быць прыменены да іх бацькоў.

Забараняецца з-за небяспекі

У адзін з такіх рэйдаў супрацоўнікі міліцыі запрасілі і журналістаў. Спачатку мы аб’ехалі забароненыя для купання гарадскія сажалкі, у многіх з якіх купалася дзятва. Пакуль міліцыянеры абмяжоўваліся тым, што запісвалі прозвішчы дзяцей і папярэджвалі, што за чарговае падобнае правапарушэнне прадугледжана пэўнае пакаранне. 

— Калі ж падлетак трапіць у поле нашага зроку за такі ж учынак  другі раз, то яго бацькі будуць выкліканы на камісію па справах непаўналетніх, якая часцей за ўсё па гэтых справах прымае рашэнне аб накладанні штрафаў,— расказвае супрацоўнік аддзялення аховы правапарадку А.В.Кунцэвіч. 

 

Падчас наведвання «басейна» каля гарадскога парку даводзілася чуць ад адпачываючых нараканні, маўляў, навошта забараняць купацца там, дзе «вырасла» не адно пакаленне дзятвы. Справа ў тым, што вадаём прызнаны не проста непрыстасаваным для купання, а нават небяспечным, бо ў ім ёсць крыніца з халоднай вадой. Практычна штогод на «басейне» рэгіструюцца выпадкі ратавання тых, хто пачаў тануць з-за сутаргаў. А здаралася, што дапамога прыходзіла позна… 

Менавіта за бяспекай людзей, асабліва дзяцей, і сочаць супрацоўнікі міліцыі разам з работнікамі таварыства выратавання на водах. І падчас рэйда ў нас ўзнікла такое ўражанне, што, акрамя як «людзям у пагонах», гэта больш нікому не патрэбна. Асабліва бацькам падлеткаў. Яскравы прыклад мы ўбачылі на возеры на вуліцы Вінаградава. Купацца сюды хлопцы прыехалі на веласіпедзе, у плаўках і нават з акулярамі для нырання. Няўжо бацькі не заўважылі такія зборы? Хутчэй за ўсё, «не пажадалі» заўважаць: маўляў, мы сваё дзяцінства гэтак жа праводзілі. А значыць, што ў кожнай маці ці таты жыве надзея, што бяда абыдзе бокам іх сям’ю. Вось толькі не для ўсіх яна спраўджваецца… Як расказвае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, нярэдка матросам-выратавальнікам даводзіцца выганяць з гарадскога возера малых, якія прыйшлі сюды адпачываць без суправаджэння дарослых. Іншы раз даводзіцца і бацькам нагадваць пра тое, што гульні дзяцей каля вады патрабуюць асаблівага кантролю. Вось толькі рэакцыя дарослых не заўсёды бывае адэкватнай.

— Учора тата прыйшоў на пляж з двума 3-4-гадовымі сынамі, пакінуў іх каля вады, а сам спакойна пайшоў у цянёк спаць,— расказвае Юрый Міхайлавіч.— Калі выратавальнік зрабіў «няньцы» заўвагу, то пачуў адказ: «Не твой клопат — не лезь».

Мы таксама сталі відавочцамі падобнай сітуацыі, калі матуля спакойна адпусціла свайго пяцігадовага сына катацца на веласіпедзе па самым беразе возера.

— Ён жа можа ўпасці ў ваду, і веласіпед пацягне на дно!

— Вам якая справа? Я яго кантралюю.

Прычым на адлегласці да паўсотні метраў: ці паспее маці дабегчы…

П’яніцы — яшчэ адна праблема

І непакоіць яна нават больш, чым купанне непаўналетніх у забароненых месцах. Калі прааналізаваць усе выпадкі гібелі дарослых на вадаёмах раёна за мінулыя пяць гадоў, то нельга назваць хаця б адзін, калі загінулы быў цвярозым. І праблема застаецца актуальнай: за некалькі чэрвеньскіх тыдняў супрацоўнікі міліцыі склалі 20 адміністрацыйных пратаколаў за распіццё спіртных напояў або знаходжанне ў нецвярозым стане на беразе вадаёма.

Месцы збору такіх кампаній можна адразу заўважыць па кінутых бутэльках і іншым смецці. Нярэдка ў стане падпітку руйнуюцца прыстасаванні для адпачынку, якія ўзводзяць камунальныя службы. І раз-пораз потым аднаўляюць.

Хаця, дзеля справядлівасці, варта сказаць, што не заўсёды і цвярозыя кампаніі паводзяць сябе прыстойна. Асабліва забруджанай сярод вадаёмаў лічыцца сажалка каля аг.Лінова, дзе афіцыйна дазволена купанне, а значыць, створаны адпаведныя ўмовы, у тым ліку абсталяваны і сметнікі. Аднак жа смецця на беразе гэтага вадаёма назапашваецца столькі, што адказныя работнікі не паспяваюць яго прыбіраць. Няўжо мясцовыя жыхары настолькі бескультурныя? 

Не толькі негатыў

Падчас рэйда нам давялося на свае вочы пабачыць не толькі негатыўныя, але і станоўчыя моманты. Напрыклад, многія адпачываючыя выказвалі ўдзячнасць за тое, што на беразе гарадскога возера арганізаваны выязны гандаль: можна набыць марожанае, сокі і прахаладжальныя напоі.

Таксама прыемна было пабываць і на беразе возера каля в.Носкі, адказнасць за якое нясе лясгас. Тут выдатна абсталяваны месцы адпачынку з лаўкамі, ёсць асобныя прыбіральні, кабінкі для пераапранання і месца для смецця. Для дзятвы створана пясочніца, а для дарослых — спецыяльныя месцы для вогнішча. Якраз у гэты дзень на бераг возера прыехала адпачыць сям’я з Мінска.

— Мы ўпершыню трапілі на гэта возера і шчыра прызнаёмся, што, пабываўшы на многіх вадаёмах, нават каля сталіцы, нідзе настолькі цудоўнага месца не бачылі.

Толькі факты

Рашэннем райвыканкама ў раёне вызначаны чатыры вадаёмы для купання, якія замацаваны за суб’ектамі гаспадарання:

— гарадское возера;

— возера Паперня;

— вадаёмы каля в.Носкі і аг.Лінова.

Работнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзена дыягнастычнае абследаванне ўсіх зон адпачынку, перыядычна бяруцца пробы з пачатку купальнага сезона: з 84 даследаванняў на сённяшні дзень не зарэгістравана нестандартных вынікаў. На астатніх вадаёмах падобныя работы не праводзяцца, зыходзячы з чаго РЦГЭ не рэкамендуе купанне ў не абсталяваных належным чынам месцах.

Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *