Пружанская гімназія з’яўляецца прэстыжнай установай адукацыі, і гэта пацвярджаецца рэгулярнымі дасягненнямі яе вучняў. У бягучым навучальным годзе, напрыклад, дзесяцікласнік Арцём Абрамчук заняў першае месца на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Зараз юнак актыўна рыхтуецца да завяршальнага этапу выпрабавання, які пройдзе на вясенніх канікулах у Пінску.

Арцём адзначае, што ў яго тэхнічны склад розуму. У профільным класе ён паглыблена вывучае хімію і біялогію. Таксама падлетак любіць урокі фізікі, а вось мовы яму не даспадобы. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, з паспяховасцю ўсё добра: сярэдні бал па выніках другой чвэрці склаў 9,2.
Малады чалавек станоўча ставіцца да паэзіі, захапляецца творчасцю шасцідзясятніка Р. Раждзественскага, але ўсё ж такі больш любіць прозу. Апроч школьнай праграмы, цікавіцца аповесцямі А. Купрына, паважае М. Гогаля, У. Караткевіча і В. Быкава. Таксама юнак пастаянна чытае вузкаспецыялізаваную літаратуру па хіміі. У яго нават ёсць невялікая ўласная бібліятэка, дзе захоўваюцца падручнікі, энцыклапедыі і даведнікі.
— Добра памятаю першы ўрок хіміі ў сёмым класе. Я адразу зразумеў, што мне вельмі цікавы гэты прадмет, а пасля першых лабараторных доследаў увогуле «адбылася хімія». Самастойна трымаць прабіркі, дадаваць лакмус у серную кіслату, не толькі назіраць за хімічным працэсам, але і ствараць яго, вывучаць штосьці новае… — з захапленнем расказвае дзесяцікласнік. — Я настолькі ўцягнуўся ў прадмет, што ўжо на пачатак другой чвэрці ведаў усю вучэбную праграму па хіміі за сёмы клас. Інфармацыі ў падручніку мне было мала, я шукаў цікавыя YouTube-каналы, глядзеў відэаролікі і ў кастрычніку пачаў збіраць хімічную лабараторыю.
Так, у Арцёма ёсць свая хімічная лабараторыя! Туды ўваходзяць разнастайныя рэактывы і абсталяванне. Летам ён спецыяльна ездзіў у сталіцу дзеля ўдасканалення свайго працоўнага месца, купляў неабходныя адмысловыя рэчы: такі падарунак на дзень нараджэння зрабілі бацькі. Увогуле, сям’я падтрымлівае юнака ў яго захапленні.
— Насамрэч, мне вельмі пашанцавала. Школьная лабараторыя ў поўнай ступені аснашчана неабходнымі якаснымі інструментамі, што дазваляе праводзіць разнастайныя эксперыменты нават па-за межамі вучэбнай праграмы, — дзеліцца дзесяцікласнік.
Як вы разумееце, карэспандэнты заўсёды імкнуцца разнастаіць інфармацыйны матэрыял цікавым фотаздымкам. Вось і Арцёму мы прапанавалі скарыстацца патэнцыялам лабаранцкай і крыху «пахімічыць». Трэба было бачыць, як загарэліся вочы юнака! Ён з вялікім задавальненнем рыхтаваў адмысловую фотазону, насіў неабходныя атрыбуты: для нас — усяго толькі элементы прыгожай ілюстрацыі, для яго — амаль сакральныя рэчы.

Пакуль малады чалавек рыхтаваўся да фотаздымкі, у мяне з’явілася магчымасць пагутарыць з Людмілай Амельянчук — настаўніцай хіміі, якая, безумоўна, паспрыяла нараджэнню ў хлопца любові да гэтага прадмета.
— Вялікі падарунак лёсу ў канцы педагагічнай кар’еры сустрэць такое інтэлектуальна развітае дзіця. Арцём, трэба сказаць, сур’ёзна ставіцца да ўсіх прадметаў. Ён — сапраўдны фанат хіміі, вельмі захоплены малады чалавек, які многа працуе самастойна, вывучае шмат дадатковай літаратуры, карыстаецца інтэрнэт-крыніцамі. За 40 год працы ў школе такога ўнікальнага вучня я сустракаю ўпершыню. Упэўнена, што ў Арцёма ёсць патэнцыял для здзяйснення адкрыццяў у абранай ім галіне, — адзначыла Людміла Іванаўна.
Так, юнак сапраўды апантаны хіміяй, але трэба адзначыць, што Арцём — асоба шматгранная. Ён амаль заўсёды бярэ ўдзел у школьных масавых мерапрыемствах: спявае на канцэртах, іграе на баяне. Дзесяцікласнік закончыў музыкальную школу з адзнакай, па праву лічыцца таленавітым музыкантам у ваенным аркестры.
Падлетак яшчэ не вызначыўся, у якім універсітэце працягне навучанне, але на сто працэнтаў упэўнены, што звяжа дарослае жыццё з любімым школьным прадметам.
Пажадаем Арцёму здзяйснення ўсіх мар і поспехаў на фінальным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік