У рамках ХХХІ Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага творчага конкурсу «Хвала рукам, што пахнуць хлебам» сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Прэтэндэнтаў на перамогу, як падкрэслілі ў арг-камітэце, было больш за сотню. З іх адзначаны шасцёра работнікаў СМІ. Пераможцам у намінацыі «Лепшы фотаматэрыял у рэгіянальных друкаваных і сеткавых СМІ» прызнаны наш калега — загадчык аддзела вэб-інфармацыі газеты «Раённыя будні» Уладзіслаў Шпарла.
Узнагароду яму, як і калегам з іншых СМІ, на галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах уручыў першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч.
— Вельмі хацелася паказаць праз свае фота прыгажосць тых людзей, якія шчыруюць у палях, іх чалавечнасць, жаданне працаваць якасна, працаваць шчыра, каб у нас быў хлеб. Хацелася ўсхваліць сваіх землякоў, работнікаў ААТ «Жураўлінае». Усе фота, якія прадстаўляў на конкурс, зроблены мной менавіта ў гэтым сельгаставарыстве ў розныя перыяды жніва-2024 — ад яго пачатку да ўшанавання «тысячнікаў» і завяршэння. Таму лічу, што гэтая ўзнагарода — наша агульная з ААТ «Жураўлінае». Шчыра дзякую Міністэрству інфармацыі і нашаму галіноваму прафсаюзу за правядзенне конкурсаў, якія спрыяюць прафесійнаму росту, — адзначыў Уладзіслаў.
Фота БЕЛТА і Аляксандра Шульгача (абласная газета «Заря»)