Чарговы пункт наведвання карэспандэнтаў «раёнкі» — філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі». Гаспадарка, якая ведае цану кожнаму працаўніку, заўсёды радая вітаць і маладых спецыялістаў.
Быў час, калі ўсе юнакі і дзяўчаты марылі паляцець у космас, адкрыць новую планету, а то і пасяліцца на ёй, зарадзіць жыццё. Многія ў снах уяўлялі сябе вялікімі вучонымі, якія зрабілі вельмі важнае адкрыццё для ўсяго чалавецтва. Толькі вось далёка не ўсе ажыццявілі задуманае. Ды на ўсіх і планет не хопіць, як і патэнтаў на вынаходніцтвы. Часам лепш цвяроза ацаніць свае сілы, чым імкнуцца да недасягальнага. І хочацца моцна паціснуць руку тым маладым людзям, якія выбралі цяжкі, але пачэсны працоўны шлях у сельскую гаспадарку.
Любая работа патрабуе аддачы і не церпіць неахайнасці. Ці то капаеш градку, ці сячэш дровы або рамантуеш сельгасінвентар. Усюды павінны прысутнічаць скрупулёзнасць, веданне справы, жаданне зрабіць усё не проста добра, а выдатна. А калі цябе кожны дзень чакаюць каровы і цяляты цэлага малочнатаварнага комплексу, кожная рагуля прывыкла да ласкі і ўвагі? Як вам такі расклад?

Што ж, сам абраў такую дарогу, таму шляху да адступлення няма, толькі наперад, да перамог на працы і над сабой. Размова пра ветэрынарнага фельчара з філіяла «Айчына» Уладзіслава Марчэню, які шчыруе ў сельгаставарыстве пасля сканчэння УА «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына». Канечне, прыйшоўшы ў 2023 годзе ў гаспадарку на двухгадовую адпрацоўку, было цяжка, яшчэ і як! Трэба было прывыкнуць да калектыву, асвоіць на практыцы тэорыю, унікнуць у свае працоўныя абавязкі. Але нічога, час бяжыць, а навыкі памнажаюцца, расце ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах. Ды і старэйшыя калегі заўсёды побач і гатовы падзяліцца ведамі.
Чаму менавіта сельгаставарыства ў Пружанскім раёне, калі нарадзіўся ў Бярозе? Па-першае, кіраўніцтва гаспадаркі абяцала годную заработную плату і не падманула, бо Уладзіслаў у сярэднім зарабляе 2000 рублёў. Па-другое, было тры вакантныя месцы, а працаваць поплеч з аднагрупнікамі куды лягчэй, можна і параіцца, і свабодны час весела правесці. Праўда, на дадзены момант іх засталося двое, бо Дзяніс Чаркас быў прызваны ў армію. Хлопцам выдзелілі дом прысядзібнага тыпу ў вёсцы Смаляны, падтрымалі фінансава. Гэтая акалічнасць заўсёды стымулюе на будучае, бо ёсць верагоднасць, што малады спецыяліст пасля адпрацоўкі застанецца ў гаспадарцы, папоўніць рады яе працавітых работнікаў.
Цяпер для Дзмітрыя Козіча другі дом — гэта МТК «Смаляны», а Уладзіслаў шчыруе на малочнатаварным комплексе «Піняны». На працу і назад ажыццяўляецца падвоз. Выхадныя ёсць, але заўсёды трэба быць напагатове, бо каровы — жывыя істоты, яны нечакана могуць захварэць, таму дапамога павінна быць аказана адразу, без адкладанняў. Не ўпускае з-пад увагі малады ветэрынарны фельчар і прафілактыку хвароб. Словам, хапае клопатаў, але ж у жыцці проста так нічога не даецца. Добра, што Уладзіслаў гэта разумее. Як і наступнае: заставацца чалавекам у любой сітуацыі — цяжка, але вельмі ганарова. Калі зарэкамендаваў сябе з добрага боку, то марку трымаць трэба абавязкова, ні кроку назад.
Загадваць наперад аб далейшай працоўнай дзейнасці Уладзіслава Марчэні не будзем. Дый навошта? У жыцці ж усякае здараецца і планы часта мяняюцца незалежна ад нас. Проста пажадаем яму чалавечага простага шчасця, знайсці сябе на працы і быць карысным сваёй роднай старонцы.
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака