У мінулую суботу ў аграгарадку Лінова прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2024». Гэты злёт сем’яў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, штогод праводзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з мэтай падтрымання традыцыйных каштоўнасцей нашай краіны, заўсёды знаходзіць водгук у грамадстве. Так адбылося і сёлета.
Удзел у вясёлых конкурсах і спаборніцтвах на гэты раз прынялі чатыры сям’і з розных куткоў Пружаншчыны: Сахарукі з Мокраўскага, Арол з Шаняўскога, Бурко з Ліноўскага і Аліфірукі з Хараўскога сельсаветаў. На пачатку выпрабаванняў усім удзельнікам поспехаў і дасягненняў пажадаў начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, які запэўніў, што журы конкурсу будзе судзіць строга, але справядліва. Дарэчы, Аляксандр Канстанцінавіч і ўзначаліў судзейскую камісію, куды таксама ўваходзілі першы сакратар райкама БРСМ Ульяна Апаляйчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, работнікі раённай арганізацыі БРСМ і райвыканкама Кацярына Місюля і Алена Зубко. Забягаючы наперад, варта дадаць, што роля ім дасталася складаная: канкурсанты падрыхтаваліся на высокім узроўні, што ўскладняла вызначэнне пераможцаў.
Пасля сумеснага выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь стартаваў сямейны турнір. Яго першы этап — «Калі ласка, да нас!» — быў своеасаблівым хатнім заданнем. Удзельнікі загадзя складалі прывітальныя словы, гатавалі прысмакі і выставу сваіх сямейных здзяйсненняў.
У прыватнасці, Віталь і Наталля Сахарукі разам з дзецьмі сустрэлі «гасцей» уласнымі вершамі, у якіх расказалі пра свой саюз, хатнія і працоўныя справы, пазнаёмілі з дзецьмі. А потым запрасілі за святочны стол, застаўлены ўласнаручна прыгатаванымі стравамі.
Сільвестр і Ксенія Арол на парозе «хаты» ўручылі журы каравай, а потым кожны член іх вялікай сям’і расказваў пра сябе.
У Аляксандра і Аліны Бурко была загадзя аформлена выстава не толькі з сямейнымі фотаздымкамі, але і рознымі прыладамі, сувенірамі, якія яны самі зрабілі.
А Віктар і Сняжана Аліфірукі разам з сынамі сустрэлі на парозе сваёй «калядзіцкай хаты» песняй пад гітару.
З усімі перазнаёміліся члены журы, пакаштавалі стравы, паглядзелі-пагаварылі-паслухалі. І падвялі прамежкавыя вынікі, якія, упэўнены, былі раўназначныя для ўсіх канкурсантаў. Але сапраўдны турнір толькі пачаўся і наперадзе ўдзельнікаў чакала нямала складаных выпрабаванняў.
Падчас другога тура «Дранікі на калодзе» сем’ям трэба было прыгатаваць беларускую нацыянальную страву літаральна «ў палявых умовах». Выкарыстоўваючы ўсе неабходныя інгрэдыенты, яны пяклі дранікі на запаленым вогнішчы. Першымі з пастаўленым заданнем справіліся Аліфірукі, але тут улічвалася не толькі хуткасць, але і рэцэптура, і выніковы смак, якія скрупулёзна ацэньвалі суддзі. Таму паступова сталі вызначацца лідары конкурсу, пра што гледачы мерапрыемства і даведаліся напрыканцы вясёлага шоу.
На трэцім этапе — «Па дровы» — экзаменавалася ўменне ладзіць паміж сабой не толькі падчас адпачынку, але і ў хатніх справах. Разам муж і жонка павінны былі распілаваць бярвенні, накалоць дроў і скласці кастрышча. У першай пары сапернікаў — сем’і Арол і Бурко, шаняўцы апярэдзілі ліноўцаў, у другой пары хутка выканалі пастаўленыя задачы Аліфірукі, хаця Сахарукі справіліся больш якасна.
У чацвёртым туры — «Касі, каса» — з заданнем першым справіўся Віктар Аліфірук, за ім змагацца з зараснікамі закончыў Аляксандр Бурко, а Віталь Сахарук і Сільвестр Арол закончылі наводзіць парадак на сядзібе разам.
Пяты тур — «Працуем у камандзе» — стаў лёсавызначальным для ўдзельнікаў. Ён складаўся з чатырох частак, дзе ўсе заданні былі пастаўлены літаральна «дагары нагамі». Напрыклад, муж павінен быў пакатаць жонку на садовай тачцы, перабіралі сабраны ўраджай яны разам, але з завязанымі вачыма, а потым… Жонка займалася «рамонтам», забіваючы цвікі ў калоду, а муж у гэты час спавіваў дзіця. У якой сям’і так робяцца хатнія справы? Відавочна, што і канкурсанты былі нязвыклыя да падобных выпрабаванняў, хаця і з годнасцю справіліся з імі. Тут хутчэй выканалі заданні Бурко і Сахарукі.
Пасля ацэнкі правільнасці ўсіх дзеянняў суддзі падвялі агульныя вынікі раённага этапу конкурсу. Дыпломамі ІІІ ступені адзначаны сем’і Арол і Сахарукоў, дыплом ІІ ступені заваявалі Аліфірукі.
А пераможцам стала сям’я Бурко з аг. Лінова, якая і будзе абараняць гонар усяго Пружанскага раёна на абласным этапе, які пройдзе 15 чэрвеня ў г.п. Ружаны.
Усім удзельнікам былі ўручаны падарункі ад фундатараў сямейных спаборніцтваў, а пераможцы атрымалі дадатковы прыз ад райвыканкама — веласіпед.
Паралельна з іспытамі сямейнага выпрабавання вясёлую атмасферу і добры настрой як удзельнікам конкурсу, так і гледачам дарылі творчыя калектывы Пружаншчыны.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».