Вторник, 22 апреля 2025

Уклад у парадак ад «Беларусбанка»

370

Укладам стала адкрыццё абноўленага банкаўскага аддзялення па вул. Кастрычніцкай у Пружанах. Падраздзяленне і раней працавала па гэтым адрасе, але кіраўніцтва фінансавай установы вырашыла перавесці сюды офісную структуру Цэнтра банкаўскіх паслуг, што і паслужыла падставай для маштабнага рамонту з абнаўленнем.

Як расказвае дырэктар ЦБП №122 Марына Свістун, пакет банкаўскіх паслуг не змяніўся, тут можна атрымаць доступ да любога прадукту, які прапануе «Беларусбанк».

— Змяніўся сэрвіс, дакладней, удасканаліўся,— тлумачыць кіраўнік падраздзялення.— У прыватнасці, з’явілася «электронная чарга», якая пазбаўляе неабходнасці «займаць месца» каля акенца. Дастаткова атрымаць квіток на абслугоўванне і пачакаць з камфортам асабістага выкліку.

Больш за тое, падобны падыход дазваляе падзяліць патокі кліентаў згодна з тэматыкай запытаў, што істотна аблегчыць працу аператараў. У дадатак створаны тры касы і два бізнес-месцы. Ёсць і абсталяванае мультыкарыстальніцкае месца. Калі ж узніклі якія-небудзь аперацыйныя складанасці, то можна звярнуцца да кансультантаў. Прадугледжаны безбар‘ерны доступ па сістэму «Крок на гукі». Безумоўна, у наяўнасці камплект — інфакіёск з прыёмкай грашовых купюр і банкамат.

Нельга сказаць, што «Беларусбанк» свядома прымеркаваў гэту падзею да Года добраўпарадкавання. Як зазначыў прысутны на ўрачыстасці начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення №100 ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Меша, свой уклад ва ўпрыгожванне нашага райцэнтра банк зрабіў, хаця ён і не адзіны, проста больш відавочны. З боку мясцовых улад старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук пацвердзілі карыснасць узаемадзеяння, што наладжана паміж адной з вядучых фінансавых устаноў рэспублікі і эканомікай раёна. Узровень супрацоўніцтва з году ў год толькі павялічваецца, як і сэрвіс для прыватных кліентаў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік