Дзесяць памятных мясцін Пружаншчыны наведалі ўдзельнікі раённага аўтапрабегу, які прайшоў у чацвер. Арганізатарам мерапрыемства выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў з нагоды надыходзячага Дня Перамогі. Кропкамі прыпынку былі выбраны помнікі, устаноўленыя на месцах гібелі воінаў-вызваліцеляў або брацкіх пахаванняў мірных людзей, расстраляных гітлераўскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У нашай краіне гэтыя месцы лічацца святымі. І не толькі ў плане таго, што там пахаваны сапраўдныя пакутнікі. Справа ў тым, што там акумулявана Памяць, якой кожны наведвальнік літаральна насычаецца, чытаючы імёны і прозвішчы тых, хто загінуў у ваеннае ліхалецце. Як паказвае сучасная гісторыя, для тых, хто забудзе жахі вайны, яна можа зноў паўтарыцца. З такімі ж наступствамі.
Як зазначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, наступнае пакаленне не даруе нам падобнай забыўчывасці, абыякавасці. Таму ў нашай краіне такая Памяць узведзена ў стан дзяржаўнай ідэалогіі. Гэта відавочна па догляду помнікаў, у чым мы пераканаліся падчас іх наведвання ў вёсках Манчыкі, Байкі, г.п.Ружаны, аграгарадку Лыскава, а таксама ў Барысіках, Сілічах, Казлах і Параслянах.
Фінішнай кропкай стала воінскае пахаванне на гарадскіх могілках у Пружанах.
Усюды бачны гаспадарлівыя рукі, нават там, дзе амаль няма мясцовых жыхароў. Да догляду за памятнымі мясцінамі далучаюцца арганізацыі, школьнікі, грамадскія аб’яднанні. Як зазначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, гэта пачэсная традыцыя, якая застанецца непарушнай, таму што Памяць патрэбна нам.
Ушанаваць подзвіг загінулых можна па-рознаму, у тым ліку ўскладаннем кветак і вянкоў, што рабілі ўдзельнікі аўтапрабегу. Каля помнікаў было бачна, што акрамя нашай дэлегацыі тут нярэдка бываюць людзі. Што сведчыць пра жывую Памяць у нашым народзе, які больш за іншых пацярпеў ад вайны.
У адных сем’ях атрымлівалі «пахаванкі», у іншых аплаквалі закатаваных у турмах і канцлагерах, у трэціх хавалі загінулых партызан. Падчас Вялікай Айчыннай загінуў кожны трэці беларус. Наш народ страціў трэць свайго генафонду. Гэта яшчэ адна падстава не забывацца пра жахі, якія прыносіць укараненне хібнай ідэалогіі. Пра гэта гаварылі выступоўцы падчас кароткіх мітынгаў ля помнікаў.
Праводзілася мінута маўчання, на працягу якой кожны змог не толькі ўшанаваць тых, хто там пахаваны, але яшчэ і асэнсаваць свае дзеянні, каб пазбегнуць паўтарэння мінулых трагедый.
Алег Сідарэнка.
Фота аўтара.