Пятница, 14 февраля 2025

Удзельнікі мотасуполкі «Траса Р98» наладзілі свята ўсмешак для выхаванцаў прытулку ў пасёлку Сонечным

1 818

У жніўні свой традыцыйны фестываль «Вясковая вечарына» правяла пружанская мотасуполка «Траса Р98», якая базіруецца ў аграсядзібе Вадзіма Жэдзіка ў в. Шчарбы. Мерапрыемства ладзіцца штогод, але з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі даводзілася яго пераносіць або абмяжоўваць колькасць удзельнікаў. Але сёлета яно адбылося нават у пашыраным фармаце. Напрыклад, падчас фестывалю была праведзена дабрачынная акцыя «Час дабрыні».

Сярод гасцей, а сабралася на сваё матацыклетнае свята больш за 1200 чалавек з усіх куткоў Беларусі, праводзіўся аўкцыён творчых работ наведвальнікаў цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў. Практычна ўсе вырабы набылі ў якасці памятных сувеніраў. Таксама быў абвешчаны збор сродкаў, частку якіх арганізатары фестывалю накіравалі на лячэнне Косці Шкурскага з Кобрына, за што шчыра дзякавалі бацькі хлопчыка.

Другую частку сродкаў байкеры вырашылі перадаць выхаванцам дзіцячага сацыяльна-педагагічнага прытулку ў пас. Сонечным. І не проста прывезці канверт з грашыма, а наладзіць для малых сапраўднае свята ўсмешак.

Папярэдне з адміністрацыяй установы ўзгаднілі пералік неабходных дзецям рэчаў, ад канцылярскіх тавараў да сродкаў гігіены. Далучыцца да акцыі мотааматары запрасілі валанцёраў з абласнога грамадскага аб’яднання «Пасланнікі дабрыні», якія разам з сабой «прыхапілі» іншых прыхільнікаў дабрачыннасці, у тым ліку і акцёраў з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Як расказвае прадстаўнік валанцёраў Марыя Благадарава, яны таксама сабралі падарункавыя наборы.

У мінулую нядзелю госці наведалі прытулак. Спачатку дзяцей узрушыў гул матацыклетных матораў. Пасля звярнулі ўвагу на фургон, поўнасцю забіты падарункамі. Пакуль дарослыя разгружалі яго, малыя акупавалі матацыклы ці, дакладней кажучы, сапраўдныя байкер-мабілі. Прымераць на сябе экіпіроўку члена мотасуполкі «Траса Р98», пакруціць руль выказалі жаданне нават самыя маленькія выхаванцы прытулку.

Потым для дзятвы былі арганізаваны майстар-класы па ўпрыгожванні сумкі-шопера і вырабе кандытарскіх прысмакаў. Усё неабходнае валанцёры прывезлі з сабой, пасля пакінуўшы дзецям у якасці падарункаў і памятных сюрпрызаў. Усе жадаючыя атрымалі магчымасць нанесці прынт на сумку, многія малыя «мастакі» выказаў жаданне падарыць свой твор маме. А вось кандытарскія прысмакі, якія дзеці гатавалі самастойна, з задавальненнем з’елі самі. Ды не па адной порцыі.

Па заканчэнні майстар-класаў на пляцоўцы пад адкрытым небам быў арганізаваны анімацыйны паказ з інтэрактыўным удзелам выхаванцаў прытулку. Забаўляльную праграму для дзяцей з рознымі конкурсамі, музычнымі выпрабаваннямі і танцамі прывезлі піраты Джэк і Малыш Кліў, якія на працягу гадзіны не давалі малым гледачам засумаваць. Усмешкі не сыходзілі з твараў. Піраты настолькі спадабаліся дзецям, што тыя не жадалі адпускаць іх ад сябе. Як і іншых гасцей, якія разнастаілі будні выхаванцаў такім чынам.

Як паведаміў Вадзім Жэдзік, падобныя акцыі яны плануюць і ў будучыні. Такія зносіны дораць не толькі добры настрой, але і энергію далей рухацца па жыцці.

— Думаю, нам надоўга запомняцца дзіцячыя ўсмешкі і радасць, што іх аўтарамі сталі менавіта мы, — зазначыў лідар мотааматараў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_280641326.