Четверг, 7 ноября 2024

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі ў Пружанах на гэтым тыдні абмеркавалі актуальныя для сем’яў пытанні

379

Увесь гэты тыдзень, нягледзячы на пахмурнае надвор‘е, аказаўся вельмі цёплым, таму што прысвечаны самым блізкім і дарагім для кожнага з нас людзям, маці і бацьку, бацькоўскай любові. З гэтай нагоды 18 кастрычніка ў канферэнц-зале гарадскога Палаца культуры працавала дыялогавая пляцоўка.

Удзел у адкрытым дыялогу з запрошанымі сем’ямі прымалі намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела загс райвыканкама Наталля Цібароўская, урач акушэр-гінеколаг Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Жыгалка, начальнік аддзела пенсій і дапамог — намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Дзмітрыева, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Кавалевіч, дырэктар Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка.

Адзначу, што спікерам дыялогавай пляцоўкі — старшыні раённага савета жанчын Наталлі Чарэшка і намесніку старшыні райвыканкама Руслану Супрыновічу, які першым узяў слова, удалося адразу выклікаць удзельнікаў на дыялог, бо нецікава весці «гульню ў адны вароты».

Размова была шчырай і цікавай. Руслан Васільевіч расказаў пра стаўленне нашай дзяржавы да інстытута сапраўднай сям’і, а не той, якая набывае папулярнасць у краінах замежжа. У Беларусі робіцца ўсё, каб ствараліся моцныя сем’і, каб у іх нараджалася як мага больш дзяцей. Для гэтага прадугледжаны шматлікія льготы, выплаты.

Руслан Васільевіч прывёў дадзеныя пра тое, колькі людзей бяруць шлюбы, а колькі жывуць сумесна без рэгістрацыі. Параўноўваючы пачатак 1990-х гадоў і сучаснасць, даследчыкі прыйшлі да высновы, што сужыцельства, адносіны без рэгістрацыі шлюбу, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі.

Сваю думку на гэты конт выказалі госці пляцоўкі. Некаторыя выступалі супраць такіх сем’яў, а частка выказала думку: «Чаму б і не?». Аргументавалі гэта тым, што, спазнаўшы адзін аднаго, можна прыняць больш абгрунтаванае рашэнне аб стварэнні сям‘і.

Адзін з прысутных мужчын выказаў прапанову, каб Дзень бацькі зрабіць выхадным днём. Маўляў, у жанчын ёсць свой чырвоны дзень у календары, 8 Сакавіка, а ў мужчын такога няма. Прапанова, мне здаецца, слушная, засталося яе толькі ажыццявіць.

Ілья і Яўгенія Ксёнжык — маладая сям’я. У шлюб уступілі нядаўна. Што цікава, менавіта Пружаншчына стала вызначальнай для стварэння новай ячэйкі грамадства. Муж і жонка працуюць у райбальніцы: трапілі сюды пасля размеркавання з Гродзенскага і Віцебскага медыцынскіх універсітэтаў. Пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго, згулялі вяселле. На пытанне, колькі дзяцей плануюць нарадзціць, Ілья Ксёнжык з усмешкай адказаў: «Як Бог дасць. Было б толькі здароўе».

Наталля Цібароўская прыводзіла цікавыя факты наконт заключэння шлюбаў, расказала аб папулярных і рэдкіх імёнах, якія даюць сваім дзецям бацькі. Заклікала, перш чым даваць дзіцяці імя, добра падумаць, як яно ў далейшым будзе з ім жыць.

Марыя Жыгалка распавяла аб праблемах жаночых: цяжарнасці і родах, аб правілах, якіх трэба прытрымлівацца, каб нарадзіць здаровае немаўля.

Юлія Кавалевіч патлумачыла магчымасці паляпшэння жыллёвых умоў, што вельмі актуальна для і для маладых, і для шматдзетных сем‘яў, адказала на пытанні прысутных па гэтай тэме і выказала гатоўнасць да неабходнага кансультавання.

Таццяна Жалязоўская — шматдзетная маці. Разам з мужам выхоўваюць пяцёра дзяцей. Жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці. Таццяна Мікалаеўна расказала, як пачынаецца раніца шматдзетнай сям’і, і як заканчваецца дзень, куды вырашана патраціць сямейны капітал.

Для Лірыны Нежавец, у сям‘і якой, акрамя сваіх, выхоўваюцца і прыёмныя дзеці, а ўсіх іх ажно 15, самая надзённая праблема — гэта раніцай знайсці шкарпэткі. У астатнім, як усміхаецца жанчына, усё добра, дзяржава паклапацілася пра дабрабыт такіх сем’яў.

Пра ажыццяўленне шырокай дзяржаўнай падтрымкі сем‘яў з дзецьмі больш падрабязна расказала Алена Дзмітрыева. Гэта забеспячэнне дзяржаўнымі дапамогамі, сямейным капіталам, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогай, падтрымка пры будаўніцтве ці рэканструкцыі жылля, падтрымка ў сістэме адукацыі і аховы здароўя, сацыяльным абслугоўванні, а таксама працоўныя, падатковыя і пенсіённыя гарантыі.

Аб выпадках, калі сям’я сутыкаецца з цяжкасцямі, напрыклад, гэта можа быць нараджэнне адразу двух ці трох дзяцей, інваліднасць члена сям’і, неабходнасць догляду састарэлых родных, расказала Нэлі Педчанка. Яна патлумачыла, куды лепш звяртацца, калі ўзнікаюць падобныя пытанні.

Юлія Астраханцава — мама чатырох дзяцей. Яе сям’я пераехала ў Беларусь з Казахстана. Аб прычынах гэтых абставін Юлія Мікалаеўна расказвае: «Зрабілі гэта дзеля дабрабыту дзяцей. Менавіта ў Беларусі яны могуць дастойна развівацца. Тут створаны ўсе ўмовы для гэтага. Напрыклад, у Казахстане жанчына знаходзіцца ў аплочваемым дэкрэтным адпачынку толькі год, пасля трэба ці выходзіць на работу, ці заставацца без фінансавай падтрымкі. Дзіцячыя садкі толькі прыватныя, за ўтрыманне там дзіцяці трэба аддаць палову заробку». На пытанне, чаму выбар зроблены на карысць Пружаншчыны, Юлія Мікалаеўна з усмешкай адказала: «Тут цёпла, утульна і вельмі многа зеляніны».

Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі ўсім яе ўдзельнікам уручылі ляльку Крупянічку. Гэтых лялек вырабілі асаблівыя дзеткі, якія наведваюць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра.

А яшчэ кожны прымацаваў кветачку да чырвонага сэрца, намаляванага на паперы. Здавалася, што гэтае сэрца б’ецца ва ўнісон з кожным, хто прыклаў руку да стварэння пано.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік