Ягор Падгурскі, ураджэнец г.Пружаны, студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу:

— Шосты Усебеларускі народны сход стаў самым маштабным мерапрыемствам, у якім мне давялося паўдзельнічаць. Гэта найважнейшы форум для ўсёй краіны, бо менавіта на УНС намячаюцца арыенціры далейшага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Прыемна, што слова моладзі пры гэтым – далёка не апошняе.
Многія прадстаўнікі БРСМ былі на сходзе ў якасці дэлегатаў, мне пашчасціла стаць пакуль толькі ўдзельнікам. Як сакратара пярвічнай арганізацыі саюза моладзі сваёй навучальнай установы мяне больш за ўсё хвалююць пытанні патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Ужо пасля Усебеларускага народнага сходу мы абмяркоўвалі іх на адкрытым дыялогу са старшынёй Мінскага гарвыканкама У.Я.Кухаравым. Яшчэ адно, не менш важнае, пытанне, на маю думку, — наданне УНС статуса канстытуцыйнага органа.
Я ганаруся тым, што ўдзельнічаў у мерапрыемстве, на якім вызначалася будучыня краіны. Гэта быў па-сапраўднаму гістарычны момант.