Адным з дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход ад Пружаншчыны стаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Пятровіч Кудравец.
Абмеркавання якіх пытанняў ён чакае? Якой бачыць ролю органаў мясцовага кіравання і самакіравання? Мы папрасілі яго адказаць на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні.
— Ці гатовы дэпутацкі корпус сельскіх Саветаў унесці свой уклад у агульную справу, вырашаць пытанні насельніцтва і выконваць тыя задачы, якія перад ім стаяць?
— На маю думку, гатовы. Але, мне здаецца, калі б мелася матэрыяльнае стымуляванне дэпутатаў, то было б лягчэй прыцягнуць да гэтай работы самых вопытных, кемлівых і мэтанакіраваных людзей.
Нагадаю, што на Пружаншчыне налічваецца 12 сельскіх Саветаў дэпутатаў. Іх дэпутаты, акрамя старшыняў Саветаў, ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы без адрыву ад сваёй працоўнай дзейнасці, на грамадскіх пачатках. Сёння дэпутацкі корпус пярвічнага ўзроўню ў нашым раёне прадстаўлены 134 дэпутатамі. Большасць — гэта кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на адміністрацыйнай тэрыторыі сельсаветаў. Ім у сілу сваіх абавязкаў у любым выпадку даводзіцца займацца рашэннем пытанняў сваіх выбаршчыкаў.
— На дыялогавых пляцоўках абмяркоўваліся пытанні павышэння ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Падчас дыялога ўдзельнікі ўзнялі і шэраг пытанняў, якія тычыліся дзейнасці сельскіх Саветаў дэпутатаў і дэпутатаў пярвічнага ўзроўню. Ці ёсць сэнс скасаваць мясцовыя Саветы пярвічнага ўзроўню?
— Асноўныя рашэнні, якія прымаюцца дэпутатамі пярвічнага ўзроўню, часта паўтараюць рашэнні мясцовых выканкамаў ці Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню. Ды і на месцах усе пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва вырашаюць выканкамы. Таму, калі скасаванне сельскіх Саветаў дэпутатаў і адбудзецца, лічу, што яно не пацягне за сабой ніякіх істотных сацыяльных і адміністрацыйных наступстваў. Гэтымі пытаннямі будуць і павінны займацца сельскія выканаўчыя камітэты з той колькасцю работнікаў, якая сёння прадугледжана іх штатам.
— Дык, магчыма, увогуле надышоў час укараняць у Беларусі новыя формы ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні?
— Мы бачым, як сёння мяняецца свет, мяняецца наша краіна — ідзе ўрбанізацыя. Як вынік — мяняецца сама структура сельскай мясцовасці, а гэта, безумоўна, патрабуе змяненняў і ў органах мясцовага кіравання. Мне здаецца, самы час перагледзець, якое месца і якую ролю ў цэлым у правядзенні работы з насельніцтвам займаюць сельскія Саветы дэпутатаў. На маю думку, неабходна асобныя функцыі пярвічнага ўзроўню мясцовых органаў кіравання перадаць на базавы ўзровень, павысіць ролю выканаўчай улады на месцах для таго, каб пытанні вырашаліся непасрэдна там, дзе жывуць і працуюць людзі.
— Мікалай Пятровіч, а калі дакладней: якія пытанні ў дзейнасці сельвыканкамаў Вы перагледзелі б?
— Адназначна, гэта работы па добраўпарадкаванні, асвятленні населеных пунктаў: імі павінны займацца спецыялізаваныя арганізацыі. Тады сельвыканкамы (ці мясцовыя адміністрацыі) будуць выконваць арганізацыйна-адміністрацыйныя функцыі. Скасаваўшы сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў, трэба было б пашырыць паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. І ў першую чаргу, у частцы распараджэння фінансавымі сродкамі ад продажу нерухомасці, зямельных участкаў, перагледзець працэдуру павелічэння і ўдакладнення бюджэту.
Не лішне вывучыць вопыт работы мясцовага самакіравання іншых краін, правесці яго апрабацыю і пры станоўчых выніках укараняць у нас.
— У новай мадэлі мясцовага самакіравання якая роля павінна адводзіцца старастам населеных пунктаў?
—Асаблівая. Старасты аказваюць, без перабольшання, важкую дапамогу ва ўсіх накірунках работы. Яны, як асобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, з’яўляюцца свайго роду праваднікамі, злучальным звяном паміж насельніцтвам і ўладай. Менавіта работа старастаў дазваляе аператыўна вырашаць самыя надзённыя пытанні. Большасць з іх прымае ўдзел у абследаванні жыллёвых умоў удзель-нікаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, шматдзетных сем’яў, праводзяць падворныя абходы па захаванні правілаў пажарнай бяспекі, знаходзяцца ў пастаянным кантакце з сельскім Саветам па пытаннях вулічнага асвятлення. Трэба было б распрацаваць крытэрыі ацэнкі іх працы і разгледзець магчымасць павелічэння выплат з дыферэнцыраваным падыходам: перакананы, гэта толькі падштурхнула б гэтых людзей да большай актыўнасці.
— У кожнай галіны дзяржаўнай улады свае задачы. Мікалай Пятровіч, якімі Вы бачыце Саветы на сучасным этапе развіцця грамадства?
— Саветы дэпутатаў павінны быць мабільнымі і сучаснымі, аператыўна і дзейсна рэагаваць як на ўстаноўкі дзяржаўнай улады, так і на надзённыя патрэбы жыхароў сваёй тэрыторыі.
— Шосты Усебеларускі народны сход — важная падзея ў жыцці нашай краіны. Грамадзяне краіны выказваюць шмат прапаноў для разгляду на ўсенародным форуме. Рашэння якіх пытанняў на гэтай пляцоўцы чакаеце Вы?
— Усебеларускі народны сход — адзін з самых значных форумаў нашай краіны. Кожны грамадзянін мае магчымасць выказаць свае прапановы. Па ўсёй краіне былі арганізаваны дыялогавыя пляцоўкі, на якіх абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, удасканалення мясцовага кіравання і самакіравання, змянення выбарчай сістэмы. Я таксама прымаў удзел у дыскусіі — па пытаннях павышэння ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Спадзяюся, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на сходзе і змяненні будуць чакаць і гэтую сістэму.
Гутарыла Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.