Пятница, 14 февраля 2025

Удзельніца VI Усебеларускага народнага сходу медсястра Таццяна Анісеня: «Важны аспект — развіццё медыцынскай галіны»

323

Таццяна Маісеяўна Анісеня, старшая медсястра псіханеўралагічнага аддзялення УАЗ «Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы»:


— Я была дэпутатам мясцовага ўзроўню, трэцяе скліканне з’яўляюся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Быць дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу — гэта для мяне яшчэ больш ганаровая і адказная місія.


Як жыхарка сельскай мясцовасці, я перажываю, каб беларускія вёскі не знікалі з геаграфічнай карты, а, наадварот, ажывалі, развіваліся. Таму вельмі важна, каб палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны былі прыняты і з праекцыяй на вёску. Каб сельскія жыхары не імкнуліся ў горад, а моладзь з задавальненнем ехала ў вёску, трэба паляпшаць матэрыяльную складаемую, дабрабыт людзей, якія там жывуць.


Што канкрэтна да Магілёўцаў, радуе, што сёлета камунальныя службы возьмуцца за паляпшэнне якасці вады, якой карыстаюцца вяскоўцы. Як мяркуецца, ужо вясной пачнецца рэалізацыя праекта па будаўніцтве станцыі абезжалезвання. Хацелася б, каб была грунтоўна дабудавана і дарога, якая злучае вёску з Ружанамі.


Як медыцынскага работніка мяне не могуць не цікавіць пытанні аховы здароўя. Магілявецкая бальніца — установа аховы здароўя абласнога значэння. У нас налічваецца сем аддзяленняў, ёсць фізіятэрапеўтычны і рэабілітацыйны кабінеты, кабінет функцыянальнай дыягностыкі, ЛФК. Але сёння іх матэрыяльна-тэхнічная база жадае быць лепшай: рамонт быў зроблены толькі ў адным з аддзяленняў гаспадарчым спосабам. Вялікі знос і аўтамабільнага парка. Існуюць праблемы з замацаваннем маладых кадраў, павышэннем зарплаты сельскім медыкам.


Так што я вялікія спадзяванні ўскладаю на Усебеларускі народны сход: думаю, там будуць прыняты рашэнні, якія пасадзейнічаюць развіццю медыцынскай галіны. Увогуле ў сучасных рэаліях жыцця псіхічнаму здароўю людзей па-вінна ўдзяляцца больш увагі. Мы прывыклі, што пад гэтым паняццем маюцца на ўвазе пэўныя захворванні і інваліднасць, выкліканая імі. Але не трэба забываць, што псіхічнае здароўе — таксама і душэўны стан, адчуванне ўнутранага камфорту, калі чалавек мае магчымасць супрацьстаяць стрэсам, рэалізаваць свой патэнцыял, плённа працаваць і жыць у гармоніі з грамадствам.
Пытанні цэнаўтварэння, грамадска-палітычнага развіцця, адзінства беларускага народа — гэтыя і многія іншыя надзённыя пытанні сёння непакояць беларусаў. Заўтра нам, дэлегатам маштабнага форуму, трэба будзе іх прааналізаваць і з улікам памылак і недапрацовак прыняць рашэнне, якім шляхам ісці далей.


Як вядома, функцыянаванне многіх галін залежыць ад таго, як працуе эканоміка. Усе беларусы чакаюць ад удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу прыняцця рашэнняў, якія зробяць жыццё жыхароў краіны лепшым.
З такімі пажаданнямі звяртаюцца да дэлегата перад паездкай таксама яе родныя і блізкія, сябры і калегі. Яны лічаць, што менавіта такія сумленныя людзі, як Таццяна Анісеня, здольны ажыццявіць іх надзеі.