Среда, 26 марта 2025

Удивительно, но и в XXI веке некоторых «смущают» женщины за рулем. Поговорили с автоледи

2 233

Падчас абмеркавання аднаго з пытанняў, апублікаваных на старонках «Аўтабудняў», наш чытач выказаўся наконт таго, што трэба забараніць жанчынам сядаць за руль аўто. Маўляў, іх неадэкватнае рэагаванне на якую-небудзь сітуацыю на дарозе нясе пагрозу іншым удзельнікам руху. Ды ўвогуле жанчыны нярэдка імкнуцца ўнесці ў Правілы дарожнага руху асобныя «нормы» этыкету, прынятага ў грамадстве. Напрыклад, лічаць, што даме за рулём усе павінны саступаць дарогу нават на чырвоны сігнал святлафора…
Сапраўды, жанчын, якія кіруюць аўтамабілем, становіцца ўсё больш на дарогах Пружаншчыны. У перспектыве іх колькасць толькі павялічыцца, мяркуючы па гендарным размеркаванні саставу «курсантаў» аўташкол. Але ці павялічыць гэта небяспеку на дарогах?


У нашай чытачкі Святланы Захарчанка на гэту сітуацыю свой погляд. Жанчына водзіць уласны аўтамабіль каля шасці гадоў. І за мінулы час ніколі не трапляла ў непрыемныя сітуацыі на дарогах. Пры гэтым яна мае на ўвазе не толькі аварыйную небяспеку, але і неадэкватнае рэагаванне з боку іншых вадзіцеляў на «даму за рулём». А вось тое, што такое стаўленне да «вадзіцельніц» раз-пораз назіраецца сярод некаторых мужчын, Святлана лічыць трывожным фактам.
— Па-першае, нярэдка даводзілася чуць ад сваіх сябровак, што зняважлівыя адносіны пачынаюцца яшчэ падчас навучання ў аўташколах. Напрыклад, з боку інструктараў, некаторыя з якіх іранічна ставяцца да жадання дзяўчыны навучыцца кіраванню машынай.
Святлане ў свой час пашанцавала сустрэць іншага інструктара, калі вырашыла прайсці курсы кіравання падчас вучобы ва ўніверсітэце. Яна запісалася ў аўташколу па месцы знаходжання ВНУ і не пашкадавала: многія словы вопытнага і тактоўнага інструктара Святлана ўспамінае і цяпер.
А па-другое, яна лічыць няправільным увогуле падзяляць кіроўцаў на мужчын або жанчын. Вадзіць аўтамабіль можа толькі вадзіцель, без усялякіх лішніх прыставак.
— Няма розніцы, які знешні выгляд мае чалавек за рулём, галоўнае тое, што робіцца ў яго галаве, наколькі ён ведае Правілы дарожнага руху і прытрымліваецца іх,— зазначае Святлана Захарчанка.— Я перавожу ў машыне малое дзіця, адказваю за яго бяспеку. Таму ніколі не перавышаю хуткасць і сачу за дарожнымі знакамі. Менавіта гэта трэба ўкладваць у галаву ўсім удзельнікам дарожнага руху.
Калі вы жадаеце выказаць сваё меркаванне па гэтым пытанні або прапанаваць іншую тэму «Аўтафоруму», то чакаем вашых прапаноў па тэл. 8-029-529-17-30 (Viber).

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.