Суббота, 5 октября 2024

Учитель-юбиляр Надежда Рысь: «Жить сегодня интересней, чем вчера»

1 585

Пагадзіцеся, 90-гадовы юбілей паважанага чалавека — педагога, які выхаваў не адно пакаленне дзяцей, — дастатковая нагода для таго, каб успомніць пра яго на старонках нашай газеты. Сотні былых вучняў Надзеі Мацвееўны Рысі сёння працуюць у самых розных кутках краіны. Яе памятаюць, яе паважаюць, ды і самой настаўніцы з 45-гадовым стажам ёсць што расказаць. Яркія ўспаміны жанчыны могуць дапоўніць любы краязнаўчы матэрыял.

«Пры Польшчы»
Надзея Мацвееўна нарадзілася 27 лістапада 1927 года ў в. Палонна-Забалацце Пружанскага раёна ў вялікай сялянскай сям’і. А час гэты быў вельмі цяжкі. Гадаваць шасцёра дзяцей пры панскай Польшчы бацькам было нялёгка: каб не зямля — галадалі б. Трымалі вялікую гаспадарку: разнастайную птушку, свіней, каня, некалькі кароў. Лішкі малака прадавалі вайскоўцам са слабадскога гарнізона. У магазінах у той час, як успамінае мая суразмоўца, была досыць вялікая разнастайнасць тавараў, але купіць іх сялянам не было за што. Мізэрныя даходы бацькі ішлі на падаткі, на рамонт сельскагаспадарчага інвентару. Акрамя таго, бацька збіраў грошы, каб дакупіць зямлі: планаваў устанавіць вятрак.
Надзеі давялося скончыць чатыры класы польскай школы. Памятае жанчына, як хадзіла круглы год у лапціках у Смалянскую школу, а потым, калі сям’я ў 1935 годзе перасялілася на хутар (там зараз знаходзіцца слабудскі дачны пасёлак), — у сямігодку, якая размяшчалася ў польскай казарме ў Слабудцы (цяпер гэтага будынка ўжо няма).
— Менавіта ў паўшэхнай школе я адчувала вялікую няроўнасць. Роднай мовы мы не вывучалі, толькі польскую. Вучыліся разам з дзецьмі польскіх афіцэраў. Звычайна іх усаджвалі на самыя лепшыя месцы — на першыя парты, а нас, маленькіх, выцяснялі на апошнія. Бывала, польскія вучні напаклёпнічаюць настаўнікам, і тыя нас, «халопскіх дзяцей», ні за што каралі: білі лінейкамі па руках, прыгаворваючы: «Давай лапу». Аж рука пухла! Добра, што хоць не забаранялі па-свойму верыць у Бога. Да палякаў на ўрокі рэлігіязнаўства прыходзіў ксёндз, а да нас — бацюшка. Але перад вайной нават у царкве ўлады прымушалі святароў пропаведзь прамаўляць на польскай мове. Памятаю, як аднойчы бацюшка “запшэкаў”, дык жанчыны схапілі яго за рызу і кажуць: «Ідзі, нам такі святар не патрэбны!» Дарэчы, адбыўся гэты казус у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы г. Пружаны, куды рэгулярна прыходзілі маліцца бацькі Надзеі Мацвееўны. Сама ж дзяўчынка з маленькіх гадоў падпявала там у царкоўным хоры, таму выдатна памятае і іншы выпадак: як “заплакала” пружанскае распяцце.
— Слёзы па іконе не проста капалі — ліліся ручаём. Мы падыходзілі да “Укрыжавання” і цалавалі вільготныя ножкі на выяве Багародзіцы. У Пружанах тады быў вялікі наплыў паломнікаў. Прыходзілі нават манахі з Пачаеўскага манастыра і падтрымлівалі людзей: “Не адчайвайцеся: у вас тут Боская ласка, як у Лаўры”. Але людзі з жахам працягвалі шаптацца, што нешта страшнае надыходзіць…
Першыя змены наступілі ў 1939 годзе. Прыйшлі Саветы. Гэты перыяд запомніўся Надзеі Мацвееўне тым, што менавіта ў той год яна пайшла ў новую — “савецкую” — Слабадскую школу. У будаўніцтве гэтай установы, якое пачалося яшчэ пры паляках у 1937 годзе, дзяўчынка прымала актыўны ўдзел. Тады многія дзеці дапамагалі дарослым збіраць камяні на падмурак і нарыхтоўваць бярвёны (драўляны будынак стаіць да гэтага часу).
— Мы не ведалі рускай мовы, таму першапачаткова вучыліся асобна ад дзяцей савецкіх афіцэраў, — успамінае жанчына. — А паколькі польская школа дала вельмі добрую адукацыю (да таго ж мы, сялянскія дзеці, вельмі стараліся), то ўжо праз год, у 1940-м, нас злучылі.
Надзея Рысь вучылася на выдатна (яе фота знаходзілася нават на Дошцы гонару), асабліва лёгка ёй даваліся гуманітарныя навукі. І ўжо тады, шчыра паверыўшы савецкім агітатарам, вырашыла стаць настаўніцай, каб выхоўваць «новых» людзей і будаваць «новую» — савецкую — будучыню. Яе мара здзейснілася, але толькі праз «чатыры доўгія гады»…
«Пры немцах»
Пра нямецкі рэжым Надзея Мацвееўна не жадае і казаць. Узгадала толькі фашысцкае «нашэсце» і адступленне, ды яшчэ хвалёную нямецкую культуру, з якой ёй давялося сутыкнуцца ў першыя дні вайны.
— 23 чэрвеня немцы занялі наш хутар і перш за ўсё забралі ўвесь хлеб, які мы на цэлы тыдзень напяклі. А потым, відаць, уволю настраляўшыся, «ахайнае войска» вырашыла памыцца і добра адпачыць. Добра памятаю, як сталі чэрпаць ваду з нашага калодзежа. А ён у нас глыбокі, пятнаццаціметровы. Вада крышталёва чыстая. Фашысты памыліся, а потым узялі і… брудную мыльную ваду ў калодзеж вылілі. Культура, называецца, — злуецца бабуля. — Мы для іх былі рабамі, і будучыні пры немцах у нас не было б.
Памятае Надзея Мацвееўна, як немцы лютавалі і ў 1944-м, пры адступленні: людзям даводзілася нават хавацца па лясах. Ля хутара, на ўзгорку, фашысты размясцілі шэсць разлікаў дальнабойнай артылерыі і стралялі па Пружанах (савецкія войскі наступалі з боку в. Якавічы).
Не забыць жанчыне і масавых расстрэлаў у Яцкаўшчыне (гараднянскім лесе каля Слабудкі), сведкай якіх яна стала па фатальнай выпадковасці:
— Мы пасвілі кароў і бачылі, як немцы машынамі сталі падвозіць нейкіх людзей (пазней даведаліся, што гэта былі вязні пружанскай турмы, сярод іх — і брат майго будучага мужа). Расстрэльвалі гэтых няшчасных і тут жа закопвалі ў вялікай яме. І так некалькі дзён запар. Калі яма перапоўнілася, то зняволеных прымусілі капаць новую. Людзі крычалі: “За Радзіму! За Сталіна! Усё роўна не здадзімся!”
Мы вечарам падышлі да тых ям, і нам стала дрэнна: целы былі ледзь прысыпаныя пяском.
Ужо праз многія гады, калі на тым месцы быў пастаўлены помнік, я неаднаразова прыводзіла да яго сваіх вучняў і казала: “Калі б выставіць усіх загінулых — кожнага каля асобнага дрэва, — то лесу не хапіла б! Столькі людзей тады палегла!” — бядуе Надзея Мацвееўна.
Пасля вайны
Адразу пасля вызвалення, у 1944 годзе, яна запісалася на гадавыя педагагічныя курсы ў г. Пружаны. Тады ніхто не ведаў, калі менавіта скончыцца вайна, але адчуванне блізкай перамогі ўжо лунала ў паветры.
— Савецкія салдаты сваімі бадзёрымі заявамі «абавязкова дойдзем да Берліна і ворага разаб‘ём ва ўласным берлагу» выклікалі ў нас упэўненасць у заўтрашнім дні. Мы ім верылі і імкнуліся кожны за сваёй марай.
У 1945-м годзе маладую настаўніцу пачатковых класаў накіравалі працаваць у п. Малеч (тады ён уваходзіў у склад Пружанскага раёна). Паралельна Надзея Рысь завочна вучылася ў Пружанскім, а потым — у Брэсцкім педвучылішчы.
Адзін з класаў у школе, дзе працавала Надзея Мацвееўна, быў укамплектаваны дзецьмі з мясцовага дзіцячага дома, пра якіх настаўніца таксама ніколі не забудзе.
— Апаленыя вайной, яны, бедныя, былі такія напалоханыя. Не давяралі дарослым, глядзелі з-пад ілба, як ваўчаняты. А жылі ў якіх цяжкіх умовах! Вокны закладзены фанерай, міжпакаёвых дзвярэй не было. Мы, выхавальнікі, хадзілі па пасёлку і збіралі воўну, каб звязаць для дзетдомаўцаў цёплыя рэчы… А як яны радаваліся, калі знаходзіліся бацькі! Памятаю аднаго хлопчыка з г. Куйбышава, за якім прыехаў тата. Ён прыбег да мяне на кватэру познім вечарам, нясмела шкрабае ў дзверы і крычыць: «Я тату знайшоў!..»
Пасля Малеча Надзея Мацвееўна працавала ў Гараднянскай школе, потым у сваёй роднай вёсцы Палонна-Забалацці, а ў 1948 годзе прыехала ў Ліноўскую школу, адкуль і выйшла на пенсію. Як успамінае, калектыў быў дружны, працавіты, школа займала прызавыя месцы нават на рэспубліканскіх спаборніцтвах. І вучні былі вельмі паслухмяныя. Многія з іх закончылі інстытуты з чырвонымі дыпломамі, выйшлі ў людзі і дамагліся павагі ў грамадстве. Вось адна з вучаніц Надзеі Рысь — Валянціна Сцяпанаўна Антановіч — сёння працуе намеснікам дырэктара Ліноўскай сярэдняй школы.
Увогуле жыццё савецкай настаўніцы бурліла. То пасля асноўнай працы займалася ў тры змены па праграме лікбеза з дарослымі людзьмі ў вячэрняй школе. То агітавала людзей на выбары ў мясцовыя саветы, а пазней лічыла да раніцы бюлетэні. То выпісвала баявыя лісткі і чытала лекцыі па камуністычнай прапагандзе.
— Казала сабе: «Так трэба, так патрабуе партыя». Хоць у партыю я не пайшла: лічыла сябе недастаткова ідэйнай. Так, я верыла ў светлую будучыню, перачытвала і Маркса, і Энгельса, і Леніна. Даволі разумныя, трэба сказаць, людзі. Хацелі пабудаваць новае грамадства, але не ўлічылі аднаго: узброіўшыся гэтымі ідэямі, іх паслядоўнікі пачнуць тварыць кепскія справы. Дзеля партыйных прывілеяў многія сталі злоўжываць сваім становішчам, і я расчаравалася ва ўсім, у што верыла…

Сям’я настаўніцы
Расчараванне напаткала Надзею Мацвееўну і ў асабістым жыцці. Пражыўшы з мужам дванаццаць гадоў, жанчыне давялося забраць пяцярых дзетак і сысці ад яго да бацькоў на хутар.
— Самаму старэйшаму дзіцяці было дзесяць гадоў, а малодшаму — толькі годзік. Вельмі цяжка было падымаць іх на 100 “настаўніцкіх” рублёў. Вось тут і спатрэбілася рамяство, якое асвоіла яшчэ ў польскай школе, дзе нас навучылі і вязаць, і шыць, і вышываць. Так сціпла і пражылі. Як выйшла на пенсію, то старалася падпрацоўваць, як толькі з’яўлялася магчымасць. Любіла сваю справу. І ў Слабадской, і  ў Загорскай, і ў Ліноўскай школах падмяняла настаўнікаў. І ў дзіцячых садках даводзілася малых выхоўваць. Незаўважна выраслі і свае дзеці. Да вялікай радасці дзве дачкі пайшлі па маіх слядах — сталі педагогамі. Так у працы ўсё маё жыццё і прабегла. У любым выпадку, жыць сёння цікавей, чым учора, чым хвіліну назад…
Нізкі паклон Вам, Надзея Мацвееўна, за працу і за цеплыню Вашай светлай душы!
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча і з хатняга архіва Н.М. Рысі

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *