Настаўніца нямецкай мовы гімназіі Ірына Вікенцьеўна Хатомчанкава з дзяцінства марыла вучыць дзяцей. Яшчэ зусім маленькай выстаўляла ў радок лялек і раздавала ім заданні. Спрыяў выбару прафесіі і прыклад цудоўнага педагога – настаўніцай нямецкай мовы ў школах раёна шмат гадоў працавала родная цётка Любоў Мікалаеўна Карпей. Менавіта яна дапамагла падрыхтавацца да ўступных іспытаў і пераняць галоўныя якасці настаўніка: працавітасць, адказнасць, прынцыповасць і любоў да дзяцей.10 гадоў таму, пасля заканчэння БарДУ, Ірына Вікенцьеўна прыйшла ў гімназію маладым спецыялістам. Тут у яе паверылі і дапамаглі рэалізавацца.
Сёння яна не проста настаўнік першай катэгорыі. Яе вучні штогод займаюць прызавыя месцы на раённых, дасягаюць поспехаў на абласных алімпіядах. Дае плён і навукова-даследчая дзейнасць. Выпускніца гімназіі Ганна Тачко атрымала дыплом 3-й ступені на рэспубліканскім этапе канферэнцыі вучэбна-даследчых работ і трапіла ў банк адоранай моладзі. Гэты факт дапамагае дзяўчыне і ў вучобе ў ВНУ: выкладчыкі арыентуюцца на яе здольнасці і заўсёды прыцягваюць яе да ўдзелу ў цікавых мерапрыемствах. Высокія балы атрымліваюць вучні Ірыны Вікенцьеўны і пры здачы ЦТ, а за 2012-2013 навучальны год гімназісты сталі лепшымі ў вобласці па здачы ЦТ па нямецкай мове.
Але, як прызнаецца сама настаўніца, больш за ўсё ў рабоце ёй падабаюцца стасункі з дзецьмі.
— Прыходзіш на ўрок у першы клас і спяваеш ці танцуеш, каб зацікавіць мовай малых. А праз гадзіну размаўляеш на нямецкай з 11-класнікамі і спрабуеш здзівіць іх ведамі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Настаўнік заўсёды павінен быць на крок наперадзе. Сёння я не ўяўляю свае ўрокі без вэб-квэстаў ці інтэрактыўнай дошкі.
Наогул, у першым дыпломе Ірыны Вікенцьеўны значыцца спецыяльнасць “настаўнік нямецкай і беларускай мовы і літаратуры”, а па другім дыпломе яна эканаміст. Пра тое, што звязала сваё жыццё з работай з дзецьмі, не пашкадавала ні на хвіліну. Няма сумненняў і ў выбары мовы:
— Так склалася, што ў нашых школьнікаў большай папулярнасцю карыстаецца англійская. Але ў апошнія гады ў гімназіі няма праблем з наборам у нямецкамоўныя групы. Асабіста ў мяне ёсць яскравыя перакананні для вучняў і іх бацькоў. На нямецкай мове ў Еўропе размаўляюць звыш 100 мільёнаў чалавек, яе выкарыстоўваюць многія краіны, вядучыя еўрапейскія аўтазаводы і вытворцы тэхнікі таксама нямецкія. Беларусь шчыльна супрацоўнічае з Германіяй па праграмах абмену вопытам паміж вучнямі і студэнтамі. Менавіта ў гэтую краіну лягчэй за ўсё трапіць на стажыроўку. Ды і проста – гэта мова многіх вялікіх пісьменнікаў!
На здымку: Ірына Вікенцьеўна з вучнямі 8 “Б” Адрыянам Зарэчным і Анастасіяй Піўчык; з дапамогай гэтага класа настаўніца летась прайшла “агонь, ваду і медныя трубы” і атрымала дыплом 3-й ступені на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года”.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.