Понедельник, 9 декабря 2024

Учитель и вечный студент, или Как всё успеть, когда в сутках только 24 часа?

1 317

 Як журналісту, ды і проста як жыхарцы невялічкага гарадка , часта даводзіцца чуць,  што ў Пружанах няма чым заняцца, няма дзе бавіць вольны час  і, тым больш,  рэалізоўваць сябе. Але ёсць людзі, якім проста мала 24 гадзіны ў суткі, каб ажыццявіць усе свае задумы!

Настаўніца англійскай мовы СШ №5 Ганна Курыловіч-Кандрашова выхоўвае маленькага сына, пры гэтым у водпуску па догля-дзе за дзіцём яна не была ні аднаго дня. Разам з мужам падзялілі абавязкі па доглядзе за маленькім Венечкам, і Ганна вярнулася да сваіх вучняў. А ў бліжэйшых яе планах — узнавіць і заняткі “Англійскага клуба”, куды запрашаюцца людзі ўсіх узростаў.
— Я ведаю, што ў Пружанах жыве шмат людзей, якія нядрэнна ведаюць англійскую мову, але па нейкіх прычынах саромяцца на ёй размаўляць, — кажа Ганна. — А мова без практыкі хутка забываецца. Ідэя час ад часу збіраць такіх людзей на “пасядзелкі” ўзнікла ў мяне даўно. Рэалізоўваць пачала яе падчас цяжарнасці, таму пасяджэнняў клуба было вельмі мала. Думаю, хутка ўзновім нашы сустрэчы, сэнс якіх заключаецца ў наступным: пасля таго, як усе ўдзельнікі клуба збіраюцца разам, мы забываем усе іншыя мовы, акрамя англійскай, і гаворым адзін з адным з дапамогай слоў, малюнкаў, жэстаў. Гэта не толькі вельмі цікава, але і карысна: наш мозг атрымлівае зарадку, знікае сарамлівасць. І ў адзін момант, калі валоданне мовай спатрэбіцца недзе за мяжой, чалавек, дзякуючы нашым заняткам, не будзе адчуваць сябе няёмка.
— Ганна, Вы ведзяце і канал на www.youtube.com, дзе даяце парады па доглядзе за кветкамі і хатнімі раслінамі. А як да Вас прыйшла такая ідэя?
— Я — чалавек, які цікавіцца многімі рэчамі. Вось і на «youtube» я ўвесь час шукала нейкія цікавыя ролікі. Вельмі мне спадабаліся відэа пра расліны ад адной жанчыны. І мне адразу захацелася зрабіць нешта падобнае. Над тэмай доўга разважаць не давялося: мы якраз пераехалі ў прыватны сектар і я вырашыла ўпрыгожыць прысядзібную тэрыторыю.
— Я так разумею, што ў Вас ужо былі пэўныя веды і Вы вырашылі падзяліцца імі?
— Не зусім так… Мне проста захацелася зрабіць відэа і набраць шмат праглядаў (смяецца). Наогул мае родныя былі вельмі здзіўлены тым, што я корпаюся ў зямлі. Але гэты занятак мяне вельмі захапіў. Да таго ж, я шмат чытаю, таму тэарэтычных ведаў у мяне сапраўды было дастаткова. А што тычыцца хатніх раслін, то іх вакол мяне заўсёды было шмат. Часам я сутыкалася з нейкай праблемай, а ні кнігі, ні спецыялізаваныя часопісы не дапамагалі мне. Даводзілася знаходзіць свой “рэцэпт”. Такімі ведамі я дзялюся з асаблівым задавальненнем.
— А чаму ёсць такая розніца: у некаторых ролікаў толькі некалькі праглядаў, а ў іншых да 30 тысяч?


— Усё залежыць ад “героя” відэа. Калі мы здымаем ролік пра такія модныя сёння кветкі, як азалія, гардэнія, рададэндран, то і праглядаў будзе шмат, бо гэтыя кветкі не толькі ў модзе, але і вельмі прыгожыя, ды яшчэ складаныя ў доглядзе, якога патрабуюць круглы год. А вось, напрыклад, восеньская ўборка гладыёлусаў будзе цікавая толькі ў канцы кастрычніка і пачатку лістапада.
— А як на канале «Anna Flora», прысвечанаму раслінам, з’явіліся рэцэпты?
— Гэта ўжо па просьбе адной з падпісчыц. Муж смяяўся: маўляў, якія рэцэпты на канале пра расліны? Але мы знайшлі выйсце: здымаем рэцэпты, у якіх галоўныя інгрэдыенты — зеляніна і гародніна.


А на самой справе, у мяне вельмі вялікія планы. Яшчэ на канале будзе дэкупаж, карвінг, еўрапейская фларыстыка, экскурсіі па батанічных садах. Дэкупаж я ўжо асвоіла і хутка пакажу, як упрыгожыць гаршчэчак з хатняй кветкай.
У снежні ў Брэсце пачынаюцца курсы па еўрапейскай фларыстыцы, на якія я ўжо запісана. Пасля гэтага я думаю асвоіць карвінг. Я вечны студэнт! Вельмі не люблю сядзець на месцы, калі ў свеце столькі цікавага!
— А ці прыносіць такое хобі прыбытак?
— У рускамоўным сегменце гэта зрабіць досыць складана. Нейкі рэальны заробак можна атрымаць, калі будзе мільён праглядаў. А пакуль я вучуся і не страчваю надзеі, што прыйдзе час — і маё хобі можна будзе манетызаваць.
— Гэты канал — сямейная справа?
— Так, здымае і манціруе мае відэа муж. Яшчэ Дзяніс піша музыку да ролікаў. Я яго ўгаворваю завесці свой канал і дзяліцца творчасцю (ён піша вершы, музыку, песні). Але ён надта сціплы… Дзякуй, што мне ніколі не адмаўляе.
— І напрыканцы падзяліцеся, калі ласка, якім-небудзь асабіста Вашым сакрэтам у вырошчванні кветак.


— Кветкі трэба любіць, яны вельмі адчуваюць атмасферу ў доме. У кожнай кветкі свае патрабаванні. Напрыклад, я дома ў гаршчку вырошчваю кісліцу звычайную. Дык вось яе вельмі палюбіла мая кошка. І чым больш яна яе ела, тым буйней расла кісліца. На лета кошка паехала на дачу, і … кісліца засумавала і амаль спыніла рост.
Яшчэ я некалькі разоў сустракала парады накшталт такой: «Вашай расліне ўжо не дапамагчы, проста выкіньце яе». Так у мяне было з фікусам Бенджаміна. Як я яго ратавала (і выратавала), можна пабачыць у адным з відэа.
Магу падзяліцца і сваім назіраннем за азаліяй (вельмі пераборлівая расліна): зараз пачаўся ацяпляльны сезон, а ў Пружанах цяпла хапае ва ўсіх, таму не шкадуйце для кветкі вады. Зразумела, не трэба ператвараць гаршчок у балота, але ўлічвайце недахоп вільгаці ў паветры. А наогул чакаю ўсіх на сваім канале!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *