Дзесяцікласніца Варанілавіцкай школы Марыя Паляшук стала пераможцай раённай канферэнцыі вучэбна-даследчых работ
«З навукай у будучыню».
Дзяўчынка сарамліва прызнаецца, што цікаўнасцю да вучобы асабліва не вылучалася.
— Заўсёды большую прыхільнасць мела да творчасці, малявання. А ў класе дзявятым пачала ўсведамляць, што не паспею азірнуцца, як трэба будзе паступаць. Калі задумалася над выбарам прафесіі, тады ў мяне і з’явіліся любімыя школьныя прадметы.
Сярод іх — біялогія, літаратура, фізіка…
— Шчыра кажучы, толькі ў старэйшых класах палюбіла матэматыку, а разам з тым стала разумець і тэарэмы, і розныя ўраўненні. Магчыма, яшчэ і настаўнікі змаглі выклікаць інтарэс да прадмета, — разважае дзяўчынка.
Хаця яе настаўніца фізікі Алена Мікалаеўна Носар, якая ўжо шмат гадоў працуе на ніве адукацыі, пераканана, што без асабістага інтарэсу вучня да прадмета зрухаў у паспяховасці можна не чакаць. Так было і з Машай Паляшук.
— Яна сама праявіла ініцыятыву прыняць удзел у конкурсе, чым, прызнаюся, прыемна здзівіла мяне.
Настаўніца і вучаніца разам вывучалі ўплыў электрамагнітнага выпраменьвання электрычных прыбораў, якія выкарыстоўваюцца ў быце, на здароўе чалавека. Даследчыцам трэба было зрабіць канкрэтныя высновы, да якіх можна прыйсці толькі доследным шляхам. Справіцца з пастаўленай задачай было складана з-за адсутнасці спецыяльных прыбораў, якія дазваляюць вымераць электрамагнітнае поле даследуемых аб’ектаў. Знайшоўшы выйсце з сітуацыі, Маша з настаўніцай вывучалі ўплыў бытавых прыбораў на сардэчна-сасудзістую сістэму.
— З дапамогай уключанага радыёпрыёмніка можна ўстанавіць, якія бытавыя прыборы даюць найбольш «шумаў». Аказалася, што самыя «забруджаныя» — фен, мікрахвалевая печка і працуючы пыласос, — тлумачыць Алена Мікалаеўна.
Без падробнага энтузіязму Марыя дзеліцца з намі высновамі, да якіх ёй дапамагла прыйсці настаўніца.
— Сёння не кожны верыць, а вось я пераканалася, што камп’ютар і мабільны тэлефон не лепшым чынам уплываюць на наша самаадчуванне. Пераканацца ў гэтым элементарна: памерайце сваё сэрцабіццё падчас размовы па мабільніку, у момант выкліку абанента, калі апарат ляжыць у кішэні, а затым на адлегласці ад яго. Думаю, вы будзеце здзіўлены. Найбольшая нагрузка, калі верыць пульсу, назіраецца падчас выкліку абанента. Таму баўленне часу ў тэлефоне, знаходжанне апарата ноччу побач на тумбачцы не лепшым чынам уплываюць на арганізм.
Старшакласніца раіць знаходзіць залатую сярэдзіну паміж сваім здароўем і зручнасцямі, якія даюць сучасныя бытавыя прыборы.
Марыя Паляшук, нягледзячы на поспехі, якія апошнім часам робіць па фізіцы, па слядах сваёй настаўніцы ісці не плануе: гаворыць, што на ўрачэбных факультэтах медыцынскіх ВНУ вучаць не менш высакароднай справе.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.