На працягу вось ужо 23 гадоў РУП «Белпошта» штогод праводзіць маладзёжны конкурс сачыненняў, у якім прымаюць удзел сотні школьнікаў з розных куткоў нашай краіны, у тым ліку і з нашага раёна. Аднак толькі ў гэтым годзе ў пружанцаў нарэшце з’явілася падстава пагаварыць пра гэтыя “эпісталярныя” спаборніцтвы з асаблівым гонарам: навучэнка СШ № 3 Паліна Сідарэнка напісала цудоўнае сачыненне на зададзеную тэму “Мой герой” і заняла ганаровае трэцяе месца.

Героем твора быў абраны прадзед, які стаў для праўнучкі галоўным прыкладам жыццёвага аптымізму, чалавекалюбства і прыстойнасці і памяць пра якога беражліва захоўваецца ў сям’і Сідарэнкаў.
Арыгінальны фармат сачынення Паліны ў выглядзе асабістага ліста “з будучыні”, прыгажосць і трапнасць думкі, дзіцячая непасрэднасць і прастата апавядання дапамаглі дзяўчынцы дасягнуць такога высокага выніку.
Між іншым, наша размова з юнай аўтаркай таксама атрымалася вельмі шчырай, узнёслай і прынесла мне вялікую асалоду. Напэўна, па-іншаму і быць не магло, калі твая суразмоўца – таленавітая, адукаваная, сумленная, адказная і цалкам адданая высакародным справам асоба.
Паліна Сідарэнка – актывістка, выдатніца, якая паспяхова прымае ўдзел у самых розных інтэлектуальных і творчых конкурсах, паколькі аднолькава любіць матэматыку і хімію, біялогію і гісторыю, мовы і літаратуру.
Увогуле, мяркуючы па настроі гутаркі і адказах дзяўчынкі на мае пытанні, Паліна – вельмі добры чалавек з багатым унутраным светам, нездарма ж яе імя перакладаецца як “сонейка”.
Дзяўчынка захапляецца пяшчотнымі вершамі Сяргея Ясеніна і зачытваецца легендарнымі творамі амерыканскага фантаста Рэя Брэдберы.
— Магія кніг Брэдберы напоўнена неверагоднымі, менавіта дзіцячымі, пачуццямі і перажываннямі, якія немагчыма будзе паўтарыць у сталым узросце. Кожная старонка твораў дорыць уласнае чараўніцтва вашага дзяцінства, – трапна расстаўляе літаратурныя акцэнты юная пісьменніца, якая ўвогуле не ўяўляе сваё жыццё без чытання і шчыра здзіўляецца, калі некаторыя яе равеснікі лічаць кнігу зусім не патрэбнай у сучасным свеце рэччу.
Па ўласным прызнанні, Паліна Сідарэнка мае патрэбу ў кнігах, як у паветры. І пры гэтым яна ўмудраецца знаходзіць час на іншыя інтарэсы і захапленні. Дзяўчынка прыгожа малюе, арыентуючыся на класічную графіку старых савецкіх і дыснэеўскіх мультфільмаў. Героямі яе малюнкаў становяцца і птушкі, і жывёлы, і дрэвы, і, вядома ж, чалавек, паколькі добразычлівая Паліна вельмі любіць гэты свет і кожнага ў ім чалавека, нават таго, хто “спатыкнуўся” на жыццёвым шляху. Таму плануе паступіць на юрыдычны факультэт, каб займацца судовай справай і справядліва вырашаць спрэчныя пытанні. Паліна марыць, каб наш не вельмі справядлівы свет змяніўся ў лепшы бок:
— Чытаю навіны і бачу, як сёння ў свеце многія людзі з-за цяжкага матэрыяльнага становішча не могуць атрымаць годнай адукацыі і кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. Колькі патэнцыяльна геніяльных дзяцей гіне ў той жа Афрыцы, не паспяваючы рэалізаваць свае таленты. Эх, калі б я злавіла залатую рыбку, то папрасіла б у яе толькі аднаго: каб усе людзі на Зямлі былі шчаслівымі.
На пытанне, як яна ўвогуле адрознівае добрага чалавека ад дрэннага, Паліна арыгінальна адказвае, што добрыя людзі маюць павышаную тэмпературу душы: яны струменяць цяплом і любоўю, якія адчуваюцца на адлегласці. Мяркуючы па цёплай усмешцы, якая панавала на твары дзяўчынкі падчас нашай гутаркі, у яе душы тэмпература намнога вышэй за 37,7 па Цэльсіі. А можа, нават за 451 градус па Фарэнгейту.
Алена Зялевіч. Фота аўтара