Понедельник, 16 сентября 2024

Участкі для галасавання на рэферэндуме гатовы прыняць выбаршчыкаў. Журналісты пабывалі на Пружанскім-Кобрынскім участку і ўпэўніліся ў гэтым

562

Крыху больш за тыдзень засталося да Дня рэспубліканскага рэферэндуму, ужо ў наступную нядзелю — асноўны дзень галасавання, падчас якога кожны зможа выказаць сваё волевыяўленне ў стаўленні да прапануемых змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Як нам паведамілі ў раённай камісіі, усе выбарчыя ўчасткі падрыхтаваліся да адказнай працэдуры.

У ходзе папярэдняга маніторынгу гатоўнасці ўвага надавалася наяўнасці патрэбнай дакументацыі, аформленых інфармацыйных стэндаў, месцаў для галасавання, а таксама куткоў назіральнікаў. Важным момантам з’яўляецца работа са складаннем спісаў грамадзян, якія маюць права прымаць удзел у рэферэндуме, каб не дапусціць недакладнасцей. У асобны пералік уключаны прозвішчы і адрасы тых, хто па стане здароўя не зможа самастойна наведаць выбарчы ўчастак: такіх людзей па месцы жыхарства наведае група, спецыяльна створаная з членаў камісіі.

Нягледзячы на тое, што да рэферэндуму засталося яшчэ больш за тыдзень, выбарчыя ўчасткі ўжо даўно працуюць. Яны адкрыты для ўсіх жадаючых у будні — з 17 до 19 гадзін, у суботу — з 12 да 14 гадзін. Выхадны — нядзеля. Гэта зроблена для таго, каб грамадзяне змаглі вырашыць загадзя розныя арганізацыйныя пытанні. Напрыклад, удакладніць, якім чынам можна прагаласаваць не па месцы жыхарства. Для гэтага дастаткова з пашпартам або іншым дакументам, які засведчвае асобу, звярнуцца ў бліжэйшы да месца знаходжання выбарчы ўчастак і патлумачыць сітуацыю. Члены ўчастковай камісіі ўстановяць кантакт са сваімі калегамі і ўнясуць карэкціроўку ў спісы.

А ўжо ў аўторак, 22 лютага, выбарчыя ўчасткі пяройдуць на іншы рэжым працы, бо ў гэты дзень пачнецца датэрміновае галасаванне. Яно будзе весціся па 26 лютага з рэжымам — з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.

Таццяна Гаманчук.

Такая працэдура ўведзена не ва ўсіх краінах, дзе праводзяцца выбары. Да чаго і апелююць тыя, хто выступае супраць падобнай магчымасці. Аднак апаненты не ўлічваюць некаторыя акалічнасці. Мы наведалі Пружанскі-Кобрынскі ўчастак для галасавання №4, дзе старшыня ўчастковай камісіі Таццяна Гаманчук патлумачыла нам патрэбнасць гэтай працэдуры.

— На нашым участку спіс выбаршчыкаў уключае больш за тысячу чалавек. Калі адводзіць для галасавання толькі адзін — асноўны — дзень, то за 12 гадзін (з 8.00 да 20.00) вельмі складана наладзіць дынамічнасць працэдуры без аўралаў і натоўпаў, — зазначае Таццяна Юр’еўна. — Атрымліваецца, што на аднаго чалавека мы зможам адвесці крыху больш мінуты, што вельмі мала.

Безумоўна, у камісію ўваходзіць некалькі чалавек, да кожнага з іх можа звярнуцца выбаршчык па бюлетэнь або з якімі-небудзь арганізацыйнымі пытаннямі. Але ж частка работнікаў павінна будзе аб’ехаць выбаршчыкаў і па месцы жыхарства, а такіх у спісе гэтага ўчастка больш за 40 чалавек. Атрымліваецца, што ўсё роўна нагрузка на прадстаўнікоў участковай камісіі будзе даволі сур’ёзнай. Больш таго, у цяперашняй эпідэміялагічнай абстаноўцы датэрміновае галасаванне, нават і на тых участках, напрыклад, у сельскай мясцовасці, дзе колькасць прыпісаных выбаршчыкаў не вельмі вялікая, становіцца яшчэ больш актуальным. Рэкамендавана ў арганізацыі працэсу пазбягаць стварэння натоўпу наведвальнікаў, захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Увогуле датэрміновае галасаванне дае больш магчымасцей і для тых, хто па нейкіх прычынах не паспеў азнаёміцца з прапануемымі змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Для гэтага на кожным участку ёсць адпаведная інфармацыя, для параўнання ў наяўнасці брашуры з тэкстам дзеючага Асноўнага закона і матэрыялы мяркуемых змен. У дні датэрміновага галасавання можна спакойна вывучыць усё прапануемае і вызначыцца са сваім выбарам.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік