Напярэдадні Радаўніцы — Дня памінання памерлых — многія людзі, якія шануюць свае карані, імкнуцца добраўпарадкаваць магілкі родных. Вельмі кранальна сёння ўспрымаецца той факт, што не пакідаюцца ў запусценні і брацкія магілы, воінскія пахаванні, месцы славы. Навесці тут парадак перад Радаўніцай — абавязак тых, хто стаў нашчадкам подзвігу людзей, якія цаной уласнага жыцця змагаліся за мірнае неба над галавой для наступных пакаленняў.
Падчас правядзення месячніка па навядзенні парадку на зямлі сёлета прыбраць воінскае пахаванне ў Рудніках вызваліся навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Больш за два дзясяткі юнакоў прыняло ўдзел у маладзёжнай патрыятычнай акцыі.
Увогуле на тэрыторыі Мокраўскага сельсавета знаходзяцца тры брацкія воінскія пахаванні, адно з якіх — у аграгарадку Руднікі. Тут у вясковым парку пахаваны афіцэры, радавыя, партызаны, расстраляныя і закатаваныя, — сотні людзей, якія загінулі ў гэтых мясцінах. Як расказваюць мясцовыя жыхары, у перыяд з 1941 па 1944 гады целы загінулых везлі сюды, каб пахаваць у адным месцы. І пахаванне, і агульны помнік, які з’явіўся праз некаторы час пасля вайны, першапачаткова размяшчаліся крыху паводдаль ад таго месца, дзе знаходзяцца сёння.
Прайшло амаль восемдзесят гадоў, а на мемарыяльных дошках побач з помнікам працягваюць з’яўляцца новыя імёны і прозвішчы тых, хто знайшоў тут апошняе прыстанішча. Да слова, на сённяшні дзень удалося ўстанавіць асобы больш за 130 пахаваных.
«Радуе, што і моладзь шукае свае карані. Доўгі час школьнікі вялі перапіску з роднымі пахаванага ў Рудніках чырвонаармейца Шчарбіна, — той сціплай інфармацыяй, якая вядома пра брацкае пахаванне ў Рудніцкім парку, дзеліцца работніца мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі Таццяна Бабыла. — Сюды прыходзяць аддаць даніну павагі героям Вялікай Айчыннай вайны не толькі вучні Мокраўскай школы і вяскоўцы: пакланіцца магіле продкаў прыязджаюць маладыя людзі з Украіны, Расіі… Той, хто не ведае мінулага, не мае будучыні».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).