— У адрозненне ад некалькіх папярэдніх гадоў бягучы спрыяў сельскім працаўнікам, а чэрвеньскія дажджы падарылі надзею на багаты ўраджай, — расказвае галоўны аграном ААТ «Мурава» М.М.Гаўра, які мае багаты вопыт працы на зямлі.
— У той жа час мы не ўскладалі надзеі толькі на надвор‘е: для атрымання годнага ўраджаю былі выкананы ўсе тэхналагічныя рэгламенты па вырошчванні збожжавых культур ад ворыва да ўборкі, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. — Сёлета па нашых разліках павінны атрымаць валавы збор збожжа на 15-20% большы, чым у мінулым годзе.
Парадаваў працаўнікоў таварыства і рапсавы палетак, які сёлета займаў 250 гектараў. Ураджайнасць алейнага насення перавышае 35 цэнтнераў з гектара.
Сёлета ў ААТ «Мурава» збожжавыя і зернебабовыя культуры неабходна ўбраць на 1410 гектарах. Самыя вялікія плошчы адведзены пад азімую трыцікале і пшаніцу, якія займаюць адпаведна 450 і 400 гектараў. Пад яравым ячменем занята 300 гектараў зямель. На 170 гектарах пасеяны зернебабовыя культуры.
На ўборцы задзейнічана сем збожжа-ўборачных камбайнаў. Такім чынам, нагрузка на адзін камбайн (разам з рапсам) складае 237 гектараў.
Як лічыць дырэктар ААТ «Мурава» П.М.Білецкі, культура земляробства пачынаецца ўжо з ворыва. І з гэтымі словамі кіраўніка нельга не пагадзіцца. Той, хто бывае ў гаспадарцы, не можа не адзначыць высокую культуру земляробства: чыстыя пасевы, абкошаныя дарогі і меліярацыйныя каналы, засеяныя пустуючыя прысядзібныя ўчасткі.
У сельгаставарыстве ведаюць, наколькі важна захоўваць тэхналагічныя тэрміны, каб забяспечыць высокую якасць насення як на выхадзе з бункера камбайна, так і пасля яго дапрацоўкі. Таксама тут высяваюць сучасныя і раяніраваныя сарты збожжавых, якія вызначаюцца добрай ураджайнасцю.
Пакуль жа жніво ў «Мураве» набірае разгон. Тут дзейнічае сапраўдны ўборачны канвеер. Пасля камбайнаў салома адразу прасуецца, а на вызваленых ад яе палетках праводзіцца лушчэнне ржышча.
Галоўныя дзеючыя асобы на жніве — людзі, якія працуюць на палетках і сушыльных комплексах, задзейнічаны на перавозцы збожжа. Для іх таксама ў таварыстве створаны належныя ўмовы. Усе яны забяспечаны неабходнай спецвопраткай, а таксама гарачымі абедамі, якія дастаўляюцца прама ў поле.
На здымках: механизатар А.М. Улезла; падчас кароткага адпачынку — экіпаж камбайна «Ліда-1300» у складзе старшага камбайнера М.У. Бульчука і камбайнера С.А.Хоміча.
Мікола Архуцік, Сяргей Таоашкевіч (фота).