Воскресенье, 8 декабря 2024

Уборочная-2019 в ОАО «Шени-агропродукт»: главное — погода

902

Не песціць сёлета надвор’е сельскіх працаўнікоў. Працяглая чэрвеньская засуха змянілася ліпеньскім дажджлівым і халаднаватым надвор’ем. Пад уздзеяннем моцных вятроў месцамі назіраецца паляганне пасеваў збожжавых. Таму, зразумела, каб убраць увесь вырашчаны ўраджай без страт, неабходна даражыць кожнай пагодлівай мінутай.
У ААТ «Шані-аграпрадукт» сёлетняе жніво пачалося з уборкі азімага ячменю. Намалочана 352 тоны збожжа пры ўраджайнасці 27 цэнтнераў з гектара. Завершана і ўборка азімага рапсу, які займаў 350 гектараў. Валавы збор алейнага насення склаў 1062 тоны, а ўраджайнасць — 30 цэнтнераў з гектара.


Цяпер усе 9 камбайнавых экіпажаў задзейнічаны на ўборцы збожжавых і зернебабовых, якія неабходна ўбраць на плошчы 2092 гектары. Самыя значныя плошчы заняты трыцікале і пшаніцай, адпаведна 800 і 430 гектараў.
— Нагрузка на адзін камбайн у нас складае каля 230 гектараў, — гаворыць галоўны аграном таварыства Т.І.Наджафава.
Па стане на 15 ліпеня збожжавыя і зернебабовыя ў гаспадарцы былі ўбраны на чвэрці ад запланаваных плошчаў. Уборачнаму канвееру перашкаджаюць частыя дажджы, а таксама ёсць і палеглыя пасевы, дзе асабліва не разгонішся.


У гаспадарцы асаблівая ўвага надаецца якасці ўборачных работ. Усе камбайны прайшлі праверку на герметычнасць. Тое ж самае датычыцца і аўтамабіляў, якія дастаўляюць збожжа на зернесушыльныя комплексы. Калі дазволіць надвор’е, то ўборка збожжавых і зернебабовых у таварыстве ўжо праз некалькі дзён павінна наблізіцца да «экватара».
Пасля работы камбайнаў палеткі вызваляюцца ад саломы і праводзіцца лушчэнне ржышча.

На здымках: другі сезон працуе на жніве экіпаж камбайна «КЗС-10» у складзе старшага камбайнера Г.У.Касьяна і камбайнера А.А.Аўдзейчыка; на сушцы збожжа задзейнічаны машыністы «ЗСК-30» С.А.Саўко і А.У.Суляк.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.