Четверг, 10 октября 2024

Уборка і нарыхтоўка льнотрасты завяршаецца на палетках «Пружанскага льнозавода»

347

Працуюць да сёмага поту, не пакладаючы рук. Гэтак можна з поўнай упэўненасцю сказаць пра нашых ільнаводаў. Яны ў гэтыя спякотныя дні шчыруюць на льняных палетках — вывозяць ільнотрасту. Тым самым забяспечваюць сябе работай на год. І справа ў іх спорыцца, бо выконваюць яе пружанскія льнаводы на выдатна.

Наўрад ці пакіне каго абыякавым ільняны палетак падчас цвіцення. Незабыўная прыгажосць, гонар нашай краіны. Але не менш заварожвае і зладжаная работа пружанскіх ільнаводаў падчас уборкі льну, калі кожны на сваім месцы, ведае цану літаральна кожнай мінуце, перажывае за агульную справу.

Ідзе пагрузка льнотрасты каля вёскі Тулоўшчына.

Едзем у накірунку Бярозы, і насустрач нам адна за адной ідуць загружаныя льнотрастой адзінкі тэхнікі прадпрыемства, якіх на дадзены момант у агульнай колькасці задзейнічана 15 штук. Некалькі аўтамабіляў, дарэчы, возіць прадукцыю з Драгічынскага раёна, дзе мясцовая льнасемстанцыя на 350 га вырошчвае лён-даўгунец. На гэтую суботу льнозавод плануе скончыць уборку і нарыхтаваць 11 тысяч тон ільнотрасты.

Перыядычны агляд тэхнікі ніколі не памяшае, у гэтым упэўнены вопытны механізатар Віктар Серый.

Пад’язджаем да палетка каля вёскі Тулоўшчына, і адкрываецца наступная панарама: на 200 га снуе 25 прэспадборшчыкаў, 6 адзінак тэхнікі занята пагрузкай. Тут жа знаходзіцца аўтамабіль ГАЗ, на ім — запчасткі, электразварка на выпадак непрадбачанага рамонту і шпагат для абмоткі рулонаў, які перыядычна запраўляюць механізатары ў прэспадборшчыкі. Абавязкова на месцы прысутнічае і механік, каб аператыўна вырашаць пытанні рамонту тэхнікі.

На палетках «Пружанскага льнозавода».

Як расказаў намеснік дырэктара льнозавода Дзмітрый Жогал, на сёння працаваць пачынаюць недзе каля дзесяці гадзін раніцы і заканчваюць прыблізна ў дзевяць вечара: усё залежыць ад таго, калі спала або пачала з’яўляцца раса. На час уборкі механізатарамі становяцца ўсе работнікі прадпрыемства, у каго ёсць пасведчанне трактарыста (каля Тулоўшчыны на пагрузцы працаваў і галоўны інжынер Алег Найбіч). Часовая змена «кваліфікацыі» для работнікаў не ўяўляе праблемы: гэта ж магчымасць добра зарабіць.

Перад паездкай на палетак каля вёскі Алішавічы механізатар Ігар Неміровіч запраўляе шпагат у прэспадборшчык «Ферабокс».

За рабочы дзень удаецца перавезці 1000 тон ільнотрасты (зразумела, тут трэба ўлічваць адлегласць паміж палеткам і льнозаводам), і ўбіраецца прыкладна 6% ад агульнай пасяўной плошчы, якая сёлета, дарэчы, складае 2900 га.

Загадчык машыннага двара Уладзімір Раўнейка выдае шпагат маладому механізатару Максіму Бушко.

Як і заўсёды, для забеспячэння камфортных умоў працы работнікаў прадпрыемства арганізавала для іх падвоз абедаў і вячэр, якія гатуюцца ў сваёй сталовай. Акрамя таго, пастаянна падвозіцца халодная пітная вада. І, канечне, уся тэхніка абсталявана кандыцыянерамі. Усё для таго, каб кожны пружанскі льнавод адчуваў клопат пра сябе. А пры такой умове жаданне старацца ва ўсю на карысць завода толькі ўзмацняецца.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік