Вторник, 18 февраля 2025

Уборка бульбы ідзе поўным ходам

469
На здымку: на ачыстцы бульбянога ўраджаю ад рознага смецця працуюць малады аграном Аляксандр Папко і рабочыя Лідзія Тарасевіч, Алена Майсак і Ала Раўнейка.

Наўрад ці сярод беларусаў знойдзецца той, хто не мае ў сваім рацыёне харчавання любімай стравы з бульбы. Нават цяжка сабе ўявіць такое! Нас жа не проста так называюць бульбашамі. Нехта гатовы кожны дзень есці бабку або дранікі, камусьці падавай таўканіцу ці запечаную са шкваркамі бульбу. Смаката! Каб не сумавалі мы без другога хлеба, у краіне поўным ходам ідзе яго ўборка і запаўненне бульбасховішчаў.

На Пружаншчыне вырошчваннем бульбы ўжо не адзін год займаюцца тры прадпрыемствы: філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» — 225 га, ААТ «Ружаны-Агра» — 130 га і РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» — 40 га. Частка вырашчанага ўраджаю ідзе на перапрацоўку, астатні закладваецца на захоўванне для наступнай рэалізацыі, асобна складуецца насенны матэрыял для будучай пасадкі.

Хоць плошчы на доследнай станцыі і невялікія, затое сартоў другога хлеба больш чым дастаткова. Выбар для гурманаў даволі шырокі. Сёлета бульбаводы прадпрыемства парадуюць жыхароў раёна такімі сартамі, як «нара», «брыз», «уладар», «вектар», «рыўера». На палетку, дзе мы пабывалі, ішла ўборка «скарбу». Дарэчы, гэты сорт бульбы лічыцца гонарам беларускіх селекцыянераў і поўнасцю апраўдвае дадзеную яму назву за кошт пладавітасці і цудоўных смакавых якасцей.

Загадчык аддзела бульбаводства доследнай станцыі Анатоль Карпеш расказаў, што сёлета сярэдняя ўраджайнасць складае 257 ц/га, ніжэй за мінулагоднюю. Чаму сярэдняя? Таму што кожны сорт бульбы па-свойму рэагуе на асаблівасці надвор’я, якое сёлета вызначылася высокімі тэмпературамі паветра і малой колькасцю ападкаў. Вось адгэтуль і варыяцыя: ад 200 да 400 ц/га. Што цікава, самі клубні маюць лепшы таварны выгляд, чым год назад. Трактар «Беларус» з прычапным бульбаўборачным камбайнам праходзіць ад 1 да 2 га плошчаў у дзень, гэта раўнуецца 40-70 тонам бульбы.

Пасля адгрузкі ў МАЗ бульба дастаўляецца ў сховішча, дзе адразу сартуецца на 3 фракцыі: харчовую, насенную і дробную. Першыя дзве закладваюцца на захоўванне, а трэцяя здаецца на прамысловую перапрацоўку на Рагозніцкі крухмальны завод, што ў Гродзенскай вобласці.

Ці можна нам неяк паспрабаваць пірог з бульбы, вырашчанай на доследнай станцыі? Няма пытанняў. Ужо цяпер каля адміністрацыйнага будынка РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» размешчана палатка, дзе поўным ходам прадаецца бульба розных сартоў. Праўда, калі вы разлічваеце купіць кілаграмаў 300, то патрэбна ехаць непасрэдна на бульбасховішча. А яшчэ другі хлеб можна будзе набыць на раённым восеньскім кірмашы 14 кастрычніка.

І канечне ж, бульбаводы з доследнай станцыі стараюцца вырошчваць тыя сарты, якія карыстаюцца попытам у спажыўцоў. Кожны год апрабуюць навінкі. Новыя сарты бульбы спачатку вырошчваюць у прабірках, пасля чаго размнажаюць міні-клубні ў сваіх цяпліцах, затым высаджваюць на палетках. Для нашай увагі ўжо прадстаўлены беларускія сарты «мастак», «гарантыя», і замежныя «венета» і «лэдзі клэр».

Зразумела, не надае пазітыўнага настрою бульбаводам з доследнай станцыі бягучы ўраджай. Але яны не адчайваюцца, бо ўпэўнены: калі сёння не атрымалася, то заўтра абавязкова будзе так, як ты захочаш.


Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік