
Ну, дачакаліся! Сёлета, як ніколі рана, распачалося жніво-2024. Канечне, першасная ўвага цяпер азімым палеткам, якія, дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю ў чэрвені, набралі колас і гатовы да ўборкі. Першымі ў нашым раёне ў панядзелак бягучага тыдня зрабілі зажынкі ААТ «Ліноўскае» і «Агра-Калядзічы».

Хоць работа да болю знаёмая, але ўсё роўна хвалююча пачынаць жніво. Як усё пойдзе, ці спраўдзяцца надзеі на ўраджай, ці не будзе непрадбачаных сітуацый?

Хвалююцца ўсе: ад механізатара да кіраўніцтва гаспадарак і раёна. Каб не ўпусціць такі важны момант, абмеркаваць паступальны ход сёлетняй уборкі, і сабраліся на палетку ААТ «Агра-Калядзічы» за вёскай Дабучын старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко і дырэктар гаспадаркі Сяргей Субота. Як гаспадары, якія ведаюць цану кожнаму каласку, нават на зуб каштавалі зярняткі: ці гатовы да жніва, ці будуць добра захоўвацца?

Два камбайны «Гомсельмаш GS 12A1 PRO» выйшлі на ўборку азімага ячменю сорту «дзіпло», які будзе выкарыстаны для ўласных патрэб, пойдзе на корм жывёле.

І вось ужо ёсць першы бункер залацістага зерня! Няхай усе надзеі нашых хлебаробаў на новы ўраджай спраўдзяцца. Удачы вам, цярпення, сіл фізічных і маральных!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
