Атрымала па пошце экзэмпляр новага дагавора з КУВП «Камунальнік» адносна паслугі «па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання». З чым звязаны такія новаўвядзенні?
Са званка ў рэдакцыю.
Такія дамовы атрымалі жыхары многіх шматпавярховых дамоў, некаторыя таксама звярнуліся ў рэдакцыю з падобнымі пытаннямі. Адказы на іх дае начальнік разлікова-даведачнага цэнтра КУВП «Камунальнік» Наталля Зялевіч.
Што азначае гэта паслуга?
Як вядома, у Беларусі пры распрацоўцы нацыянальнага заканадаўства вывучаюцца станоўчыя дасягненні замежных заканатворцаў. У тым ліку ў сферы камунальнага гаспадарання. У суседзяў, напрыклад, даўно дзейнічае такі інстытут, як прыватныя кіруючыя кампаніі, якія бяруць на сябе клопат за тэхнічны стан агульнай маёмасці ў шматпавярхоўках: — пад’ездаў, лесвічных пляцовак, падвалаў, гарышчаў, дахаў і гэтак далей. У нашай краіне заканадаўчая база раней не дазваляла праявіцца падобнай прыватнай ці пабочнай ініцыятыве, бо паслуга па кіраванні агульнай маёмасцю не была выдзелена асобна, а тарыфікавалася разам з тэхнічным абслугоўваннем, санітарным утрыманнем, вывазам смецця… Таму не трэба ўспрымаць новаўвядзенне як новую паслугу. Па сутнасці, нічога не змянілася: жыхары шматпавярховак аплачвалі падобныя работы і раней, проста цяпер яны выдзелены ў асобныя тарыфы.

19 жніўня бягучага года ўступіў у дзеянне Указ №287 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на падставе чаго было прадугледжана заключэнне дагавораў з уласнікамі жылля ў такой форме. Дарэчы, асобны радок «кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання» з’явіцца у кастрычніцкіх «жыроўках» з камунальнай платай за верасень.
Для чаго гэта патрэбна?
Нельга выключаць такую перспектыву ў будучым, як рост інтарэсу прыватных ці іншых дзяржаўных структур да сферы ЖКГ. Наш горад працягвае забудоўвацца новымі шматпавярхоўкамі, колькасць камунальных плацельшчыкаў павялічваецца. Паступова працэнт пагашэння выдаткаў на ЖКГ набліжаецца да рэнтабельнага ўзроўню. І трэба ўжо зараз удасканальваць заканадаўчую базу з улікам далейшых перспектыў.
Пакуль жа на Пружаншчыне дзейнічае адна «кіраўнічая кампанія»: было прынята рашэнне райвыканкама, згодна з якім з 1 верасня такі статус прысвоены КУВП «Камунальнік».
Чаму новыя дагаворы не атрымалі жыхары суседняга дома?
Хутчэй за ўсё, суседняя шматпавярхоўка адносіцца да іншай формы кіравання сумесным домаўладаннем. Зараз у Беларусі дзейнічаюць тры яе варыянты:
- сумеснай маёмасцю кіруюць самі ўласнікі (у дамах, дзе не больш за 10 кватэр), якія могуць самастойна распараджацца агульнай маёмасцю на падставе дагавора, які заключаны паміж імі;
- створана асобная юрыдычная асоба для таварыства ўласнікаў або жыллёва-будаўнічага кааператыва;
- кіраванне агульнай маёмасцю ажыццяўляе ўпаўнаважаная арганізацыя.
Да першых двух варыянтаў гэтыя новаўвядзенні не маюць дачынення, таму жыхары ЖБК і не атрымлівалі падобныя дагаворы. Яны накіраваны толькі тым, хто жыве ў прыватызаваных кватэрах у шматпавярхоўках камунальнага гаспадарання. Між іншым, поўная інфармацыя пра паслугу, узор дагавора і спіс дамоў выкладзены на сайце КУВП «Камунальнік».
Ці падаражэюць паслугі ў «жыроўках»
Штогод праводзіцца перагляд тарыфаў у сувязі з інфляцыйнымі працэсамі. Бягучы год не з’яўляецца выключэннем — пэўнае павышэнне тарыфаў было адобрана кіраўніцтвам краіны. Аднак не трэба шукаць узаемасувязь паміж ростам кошту і з’яўленнем асобнай паслугі ў «жыроўках». Гэта проста збег аб’ектыўных абставінаў. У любым выпадку, нават калі б названая паслуга не выносілася асобна, сума камунальных плацяжоў засталася б такой жа.

У прыватнасці, з разліку 1,77 капейкі за 1 кв. метр уладальнікам двухпакаёвай кватэры плошчай 60 «квадратаў» неабходна будзе заплаціць за верасень крыху больш за рубель, а за трохпакаёвую ў 80 «квадратаў» — каля 1,5 рубля.
Калі не буду падпісваць новы дагавор?
Жыллёва-камунальнае заканадаўства рэспублікі не прадугледжвае такі выбар. Закон уступіў у дзеянне, і згода атрымальнікаў камунальных паслуг не лічыцца абавязковай умовай. У любым выпадку плата па цяпер ужо асобнай паслузе будзе налічвацца ўласнікам жылля. Дзейнічае адзіны прынцып, як і для астатніх жыллёва-камунальных паслуг.
Ды і не мае сэнсу такая адмова. Мы ўжо атрымалі трэць падпісаных дагавораў на папяровых носьбітах, а ў будучым пры заключэнні якіх-небудзь іншых здзелак з жылплошчай будзем звяртаць увагу на наяўнасць заключанага дагавора і ў выпадку яго адсутнасці — выдаваць на подпіс.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік