Пятница, 23 мая 2025

Фотафакт. У «Жураўліным» ужо ўбіраюць ураджай яблыкаў

586

Яблык, бадай, самы распаўсюджаны фрукт на зямлі. Налічваецца каля 10000 сартоў гэтай садавіны. Адрозніваюцца яны хіба што колерам, а вось састаў яблык прыкладна аднолькавы. Лічыцца, што ўжыванне аднаго гэтага фрукта ў дзень здольна выратаваць ад многіх хвароб: ад авітамінозу і анеміі — да раку. Гэта толькі адзін бок карысці яблыка. А колькі смачных страў з ім можна прыгатаваць!

Цяпер жа самы час збору гэтай садавіны і яе продажу. Каб даведацца, ці будзем мы зімой есці духмяныя яблыкі мясцовай вытворчасці, карэспандэнты «раёнкі» адправіліся ў ААТ «Жураўлінае».

Вось такія смачныя і прыгожыя яблычкі сёлета ў «Жураўліным».

Гаспадарка мае ў сваім распараджэнні фруктовы сад з уборачнай плошчай у 112,6 га. І ўжо з 4 верасня бягучага года тут пачалася ўборка яблыкаў ранніх сартоў. «Каваленкаўскае», «аўксіс» і «беларускае салодкае» ўжо ўбралі і вывезлі на фруктасховішча, масавая ўборка пачнецца пасля дзясятага верасня. На чарзе — ранняя зімняя «фрыда», за якой пойдуць познія сарты «імант», «алеся».

Начальніца прамысловага саду в. Янаўцы Таццяна Дымкова ацэньвае новы ўраджай.

Начальніца прамысловага саду в. Янаўцы Таццяна Дымкова запэўнівае, што, гледзячы на сёлетні ўраджай садавіны, жыхары раёна будуць забяспечаны карыснымі і прыгожымі фруктамі да наступнага яблычнага сезона. Мяркуюць у сельгаставарыстве сабраць звыш за 1000 тон фруктаў, каб толькі пагодныя катаклізмы не перашкодзілі.

На сартаванні яблыкаў задзейнічаны садавод Уладзімір Пашко.

Ні з чым не параўнаеш непаўторны пах свежых яблыкаў. Менавіта такім водарам ахутана фруктасховішча ААТ «Жураўлінае», размешчанае каля саду. Пасля збору яблыкі адразу затарваюцца, а пасля адпраўляюцца на беларускі рынак. Ужо цяпер папоўніць запас вітамінаў можна, напрыклад, у фірменных магазінах гаспадаркі, якія ёсць і ў раённым цэнтры. Падчас масавай уборкі гандаль будзе весціся непасрэдна і на фруктасховішчы. Што да стабілізацыйнага фонду, то будзе закладзена 250 тон яблыкаў.

Такому ўсмешліваму і прыгожаму жаночаму калектыву садаводаў любая работа ў радасць.

Ды сама работа рабіцца не будзе. Усім гэта вядома. І начальніца прамысловага саду Таццяна Дымкова з гонарам нам прадстаўляе сваіх самых лепшых пятнаццаць работнікаў. У іх прафесіяналізме Таццяна Міхайлаўна ніколькі не сумняваецца, з такім калектывам можна і патрэбна працаваць.

Вадзіцель электрапагрузчыка Сяргей Макоўскі падчас работы на фруктасховішчы.

Праўда, падчас уборкі і сартавання ўсё роўна рук не хапае, бо аб’ём работ значна ўзрастае. Таму, паважаныя землякі, калі ёсць жаданне падзарабіць, вас сардэчна сустрэнуць у ААТ «Жураўлінае». Вам будзе гарантаваны добры заробак. А яшчэ — свежае паветра і, канечне, вітамінная прадукцыя з саду.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік