Усё пазнаецца ў параўнанні. Людзі старэйшага пакалення з лёгкасцю ўспомняць тыя часы, калі даводзілася з матыкай у руках змагацца на калгасных палетках з пустазеллем. І тая праца, скажу я вам, была вельмі цяжкай, асабліва калі ўлічваць плошчы, якія трэба было прапалоць. Але нішто ў гэтым свеце не стаіць на месцы. І вось ужо ў сельгаставарыствах праполка праводзіцца механізаваным спосабам, які гарантуе своечасовае і эфектыўнае ўнясенне хімікатаў.

Ці ведаеце вы, што ў пасевах азімых збожжавых культур у Беларусі вырастае больш за 100 відаў пустазелля, і 90-95% ад агульнага відавога саставу пачынае рост ужо з восені. Згадзіцеся, гэта зусім не мала. Таму хімічная праполка пасеваў неабходна менавіта ў раннія перыяды вегетацыі збожжавых культур. Праводзяць яе і вясной, і восенню, але прапалоць у асенні перыяд — значыць, забяспечыць ўраджайнасць на 2-3 ц/га больш. Прыбаўка важкая. Напрыклад, сёлета па раёне ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур (з кукурузай на зерне) складае 45,7 ц/га.
Гаспадаркам Пружаншчыны восенню хімпраполку патрэбна правесці на 2 лістапада на 13820 га азімых збожжавых на зерне. Доследная станцыя, ААТ «Мурава» і «Велікасельскае Агра» гэтыя работы ўжо закончылі. Працаўнікі ААТ «Жураўлінае» таксама не спяць у шапку, тым больш што ў іх плошчы самыя значныя ў раёне — на чацвер бягучага тыдня гэта 2980 га.

Для праполкі ў сельгаставарыстве задзейнічаны на дадзены момант два самаходныя апырсквальнікі «Tecnoma», аснашчаныя стрэламі даўжынёй 24 м. Апошняя акалічнасць дазваляе апрацоўваць за дзень 160-200 га. І тут, канечне, не забываем і пра чалавечы фактар: такой тэхнікай патрэбна ўмець кіраваць, па патрэбе належна абслужыць яе, адным словам, быць не проста трактарыстам-машыністам, а прафесіяналам у сваёй справе. Такім механізатарам у гаспадарцы называюць Дзмітрыя Глушко, якога карэспандэнты «раёнкі» заспелі на палетку з азімай пшаніцай каля вёскі Агароднікі.
Заадно пагутарылі і з аграномам па абароне раслін ААТ «Жураўлінае» Андрэем Каралём. Як расказаў Андрэй Аляксандравіч, пустазелле не толькі «глушыць» рост культур, а яшчэ і адбірае пажыўныя рэчывы, таму хімікаты — гэта, сапраўды, ратавальнікі будучага ўраджаю. Для хімічнай апрацоўкі ў гаспадарцы выкарыстоўваюцца гербіцыды, якія складаюцца з двух кампанентаў. Што датычыцца эфектыўнасці ўнясення хімікатаў восенню, то аграном тлумачыць, што гэта яшчэ і магчымасць знізіць нагрузку на глебу, бо вясной нароўні з дадзенай работай будзе актыўна праводзіцца падкормка сельгаскультур. А цяпер і надвор’е, якое на дзіва ўсталявалася цёплае, спрыяе праполцы.

Работы ніколі не трэба баяцца і дзяліць яе на важную і тую, якая можа пачакаць. А калі гаварыць пра сельгаставарыствы, то тут дзялення наогул не бывае: напрыклад, праца на зямлі ніяк не можа быць другаснай, бо адвеку яна для нас маці і карміцелька. І ні ў якім выпадку не пацерпіць абыякавасці ў адносінах да сябе.
P.S. На дадзены момант гаспадарка поўнасцю справілася з хімпраполкай.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі