Напружана, але з аддачай працуе калектыў ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў». Гэта пацвярджае дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Каласей.
— Андрэй Васільевіч, хаця завод напрамую не ўпамінаецца ў санкцыйных спісах, усё роўна прадпрыемства, шчыльна скаапераванае ў нацыянальную прамысловасць, так ці інакш пацярпела ад знешняй эканамічнай агрэсіі.
— Гэтыя санкцыі лічу адным з інструментаў шантажу, якім карыстаюцца вулічныя хуліганы. А вырашыць такую праблему можна двума шляхамі: пагадзіцца і аддаць усё з надзеяй, што крыўдзіцелі адстануць, ці стаць мацней і змагацца за сваю праўду.
Наша прадпрыемства выбрала другі шлях, і тыя вынікі бягучага года, з якімі сустракаем прафесійнае свята, пацвярджаюць, што больш складаны шлях выйсця мае і больш пераваг. За восем месяцаў тэмп росту выпускаемай прадукцыі ў параўнанні з мінулагоднім перыядам склаў 130,8%, а рэнтабельнасць вытворчасці – +14,5%. Пры гэтым рост заработнай платы –122,4%.
Наша прадукцыя карыстаецца попытам сярод айчынных вытворцаў аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі, бытавых прыбораў і іншых патрэбных беларускаму грамадству рэчаў. І нярэдка менавіта пры дапамозе завода радыёдэталяў іншыя прадпрыемствы актыўна замяшчаюць імпарт.
— Некалькі папярэдніх гадоў ААТ «ПЗР» лічылася раённым флагманам імпартазамяшчэння, штогод укараняючы інавацыйную прадукцыю. Ці здолееце ўтрымаць свае пазіцыі сёлета?
— На 2022 год бізнес-планам развіцця акцыянернага таварыства задумана асвоіць і ўкараніць у вытворчасць сем найменняў вырабаў у плане імпартазамяшчэння. Гэта – рэкордны аб’ём на фоне папярэдніх гадоў. Згодна з тэхнічнымі заданнямі ААТ «МТЗ» і ЗАТ «Атлант», мы павінны пачаць выпуск новых камплектуючых жгутоў для аўта-трактарнай і бытавой тэхнікі. І наш калектыў справіўся з узятымі абавязацельствамі: пяць новых вырабаў ужо выпускаем серыйна, выпуск астатніх двух запланаваны пасля заканчэння прыёмных выпрабаванняў на канец бягучага года.
Санкцыйны ціск спачатку палохаў, а потым, калі вырашылі гуртавацца і змагацца, то нават пачаў «дапамагаць». Напрыклад, зараз узнікла неабходнасць асваення камплектуючых, што пастаўляліся з Еўропы. У сувязі з гэтым у красавіку, пасля вызначэння эканамічнай мэтазгоднасці пашырэння асартыменту прадукцыі завода, было вырашана распрацоўваць дадатковыя накірункі.
З улікам тэрмінаў акупнасці ў праграму развіцця прадпрыемства былі ўнесены дадатковыя задумкі па асваенні 23-х вырабаў для бытавой тэхнікі ЗАТ «Атлант» і двух злучальнікаў для ААТ «МАЗ». А падчас наведвання выставы-семінара на базе ААТ «Гомсельмаш» у адпаведнасці з крытэрыямі адбору нам даручана да сакавіка наступнага года асвоіць яшчэ адзін выраб для айчыннай сельгастэхнікі.
— Андрэй Васільевіч, гэтыя дасягненні – пацвярджэнне прафесіяналізму завадчан. Як удаецца падтрымліваць такі ўзровень калектыву прадпрыемства?
— У нас цяпер параўнальна немалы калектыў – 182 работнікі. Безумоўна, каб арганізаваць такую масу людзей, патрэбны кантроль і вытворчая дысцыпліна, чаму надаецца значная ўвага. Але дапамагаюць шматгадовыя традыцыі, якія таксама падтрымліваюцца. І адна з іх – перайманне вопыту. Сярэдні ўзрост калектыву – 41 год. І гэта лічба не змяняецца, што азначае пастаяннае папаўненне моладдзю.
Ветэраны таварыства, якія адпрацавалі па 30 гадоў і больш, становяцца настаўнікамі для навічкоў. Каштоўны вопыт перадаюць начальнік тэхнічнага аддзела Марына Панова, намеснік галоўнага інжынера Уладзімір Звераў, галоўны бухгалтар Таццяна Каралюк, слесар-інструментальшчык Васілій Друзь і многія іншыя. Яны бяруць шэфства над тымі, хто нядаўна прыйшоў на завод, над маладымі спецыялістамі – выпускнікамі тэхнічных ВНУ. Дарэчы, гэта дае станоўчы вынік па замацаванні кадраў, адток якіх звязаны толькі з тэрміновай службай у арміі. Хаця і пасля арміі да нас вяртаюцца спецыялісты і работнікі.
З нагоды прафесійнага свята выказваю шчырыя віншаванні цяперашнім работнікам завода і тым, хто зараз на заслужаным адпачынку. Сардэчна дзякую за добрасумленную працу, за тыя здабыткі, што склалі славу прадпрыемства і працягваюць яе памнажаць. Шчыра веру, што высокі прафесіяналізм, велізарны навуковы і тэхнічны патэнцыял, разумныя кіраўніцкія рашэнні і адданасць любімай справе дазволяць і далей развіваць нашу вытворчасць, асвойваць новыя віды прадукцыі і рынкі яе збыту.
Ад усёй душы жадаю добрага здароўя, мэтанакіраванасці, аптымізму, і здзяйснення ўсіх задумак, атрымання важкіх вынікаў. Няхай у вашых сем’ях пануюць мір, згода, дабрабыт і шчасце!
Падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА. Фота аўтара.