Мы любім цытаваць выказванне класіка пра тое, што ўсе шчаслівыя сем‘і – аднолькавыя, але ці часта задумваемся, што стаіць за гэтымі словамі?
Што насамрэч аб‘ядноўвае жанчыну і мужчыну ў адно цэлае і прымушае жыць разам не год і не два – усё свядомае жыццё? Штамп у пашпарце? Клятва вернасці, прынесеная каля алтара? Агульныя дзеці, дом, гаспадарка? Магчыма, і так, толькі каб захаваць і пранесці праз гады свае пачуцці, патрабуецца і ўзаемная павага, і ўменне слухаць і чуць сваю палавінку, і цэлая навука саступаць пры разыходжанні ў меркаваннях, і сапраўднае мастацтва памірыцца пасля сваркі…
Ды і гэта далёка не ўсе сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця, будаўніцтва якога на самай справе патрабуе немалых намаганняў. Пра гэта добра ведаюць і сямейныя пары, якія напярэдадні Міжнароднага дня сям‘і сабраліся ў гасціннай зале аддзела ЗАГС Пружанскага райвыканкама. Усе яны – са сваім стажам сумеснага жыцця, са сваім вопытам, сваімі звычкамі. Але сапраўды аднолькавая цеплыня адчувалася ў позірках, якімі сужэнцы глядзелі адно на аднаго, прысутнічала аднолькавае імкненне ўзяцца за рукі ў хвалюючы момант, падтрымаць, раздзяліць напалам агульнае шчасце.
Гасцей мерапрыемства вітала начальнік аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская.
– Свята, на якое прыйшлі сямейныя пары-юбіляры, заклікана падкрэсліць значэнне сям‘і ў нашым жыцці, – адзначыла Наталля Радзівонаўна. – І яшчэ – прымусіць прысутных настроіцца на рамантычны лад, узгадаць пачуцці, якія панавалі падчас узяцця імі шлюбу шмат гадоў таму.
Самай маладой парай з ліку віноўнікаў урачыстасці стала сям‘я Лесіных.
16 мая Сяргей Анатольевіч і Таццяна Андрэеўна адзначылі 25 гадоў сумеснага жыцця. Сярэбраныя «маладыя» пакінулі свае подпісы ў кнізе юбіляраў і прызналіся, што за час у шлюбе іх пачуцці не змяніліся.
Жамчужнае вяселле – 30 гадоў сямейнага жыцця – сёлета адзначаюць Уладзімір Іванавіч і Нэлі Георгіеўна Педчанкі. З ніткай цудоўных караляў, на якую адна за адной нанізаны пацеркі-жамчужынкі, параўнала вядучая Дзіяна Крэтава гэтыя гады.
Шлюб даўжынёй у 35 гадоў называюць па-рознаму: палатняным, ільняным, каралавым. Наогул, звычайна на гэтую гадавіну «маладым» сімвалічна дораць абрус, каб ацаніць таленты гаспадыні дома, якая з‘яўляецца сапраўднай захавальніцай цяпла хатняга ачага. Менавіта столькі гадоў пражылі разам Аляксандр Сямёнавіч і Галіна Віктараўна Бельскія. А вось чырвоны рубін – сімвал 40-гадовага юбілею шлюбу – павінен падкрэсліць, што блізкасць мужа і жонкі стала ўжо кроўнай. Такі юбілей адзначылі Канстанцін Мікалаевіч і Святлана Іванаўна Момлік.
– Якія сакрэты такога доўгага жыцця ў міры і згодзе? – пацікавілася вядучая.
Святлана Іванаўна адказвае, што асаблівых сакрэтаў няма:
– Мы проста жылі так, як заўсёды падчас уступлення ў шлюб жадаюць жыць маладым: імкнуліся захоўваць каханне, павагу, уменне саступаць. Ведаеце, я раніцай паглядзела ў люстэрка – і зразумела, што сорак гадоў праляцелі як адно імгненне, а гэта значыць, што ўсё ў сям‘і ладзіцца, – з хваляваннем кажа жанчына.
З залатым вяселлем віншавалі ў гэты дзень Анатолія Фёдаравіча і Марыю Іванаўну Аноцка. Юбіляры прызнаюцца, што некалі пазнаёміліся на танцпляцоўцы ў парку, і вось праз столькі гадоў з замілаваннем і ўсмешкай узгадваюць свой першы танец. А самай «сталай» парай аказаліся Аляксей Аляксеевіч і Святлана Сямёнаўна Аскірка, якія адзначылі ізумруднае вяселле – 55 гадоў сямейнага жыцця. На думку юбіляраў, галоўны сакрэт сямейнага шчасця – гэта ўменне выбачаць і быць побач у любой сітуацыі.
У сваім віншаванні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталій Матвіенка падкрэсліў, што ўсе юбіляры выканалі галоўную сваю місію: захавалі каханне, павагу, мір у сваім доме. Пра тое, што сям‘я пачынаецца з кахання, але патрабуецца вялікая праца для таго, каб гэтае каханне падтрымліваць, казала і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб‘яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка.
– Мне здаецца, што сям‘я – гэта ўменне любіць і цаніць сваю палавінку так, як любіш сябе, – разважала Наталля Анатольеўна.
Протаіерэй Ігар Мрыхін у сваім выступленні прызнаўся, што сам быў віноўнікам урачыстасці ў гэтай зале 36 гадоў таму. З таго часу многае змянілася ў грамадскай свядомасці, у тым ліку мяняецца і стаўленне да інстытута сям‘і, каштоўнасці адносін паміж мужчынам і жанчынай. Таму такім важным ён назваў мерапрыемства ў ЗАГСе: менавіта шлюб у яго традыцыйным разуменні – гэта працяг роду, працяг нашых традыцый. Пра адзінства мужа і жонкі гаворыцца і ў Свяшчэнным Пісанні.
– Мы часам атаясамліваем шлюб толькі з каханнем, пацалункамі, але ж гэта – і нясенне цяжару адзін аднаго, і падзяленне грузу жыццёвых праблем. І вельмі многае ў зберажэнні адносін залежыць ад жаночай мудрасці, – адзначыў святар.
У гэты дзень было шмат цёплых віншаванняў, прыгожых кветак і падарункаў. Цудоўнымі песнямі суправаджалі віншавальныя словы выхаванцы студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры. А завяршылася яно запрашэннем юбіляраў на сямейны вальс.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_293015490 і https://ok.ru/budni/album/961111143816